Нарадзіўся 6 студзеня 1954 года ў вёсцы Гута Ганцавіцкага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1970 г. скончыў Маўчадскую сярэднюю санаторную школу-інтэрнат і паступіў у Магілеўскі бібліятэчны тэхнікум. Пасля заканчэння тэхнікума працаваў ва ўстановах культуры Ганцавіцкага раёна - у Шашкоўскай сельскай, раённай дзіцячай бібліятэках, загадчыкам аўтаклуба. У 1980 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 106 у Менску. З 1981 г. - карэспандэнт, загадчык аддзела літаратуры і мастацтва газеты «Звязда», з 1986 г. - рэдактар, загадчык рэдакцыі выдавецтва «Юнацтва». Сябра СП СССР з 1984 г.
Першыя вершы апублікаваў у 1972 г. (газета «Магілёўская праўда»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Зоркі ў кронах» (1982), «Лістрабіне» (1987), «Інкрустацыя голасам» (1991), «Ехаў чыж у Парыж» (1994).