Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Уладзімір Марук

Нарадзіўся 6 студзеня 1954 года ў вёсцы Гута Ганцавіцкага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1970 г. скончыў Маўчадскую сярэднюю санаторную школу-інтэрнат і паступіў у Магілеўскі бібліятэчны тэхнікум. Пасля заканчэння тэхнікума працаваў ва ўстановах культуры Ганцавіцкага раёна - у Шашкоўскай сельскай, раённай дзіцячай бібліятэках, загадчыкам аўтаклуба. У 1980 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 106 у Менску. З 1981 г. - карэспандэнт, загадчык аддзела літаратуры і мастацтва газеты «Звязда», з 1986 г. - рэдактар, загадчык рэдакцыі выдавецтва «Юнацтва». Сябра СП СССР з 1984 г.

Першыя вершы апублікаваў у 1972 г. (газета «Магілёўская праўда»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Зоркі ў кронах» (1982), «Лістрабіне» (1987), «Інкрустацыя голасам» (1991), «Ехаў чыж у Парыж» (1994).

maruk.jpg


Сярэдняя: 4.7 (22 галасоў)
Вецер ходзіць ля акна,
Бы сабраўся ў шлях няблізкі.
Хутка вылеціць вясна
З дзюбкі ластаўкі
                               ці пліскі.
 
I намацае крыло
У гняздзечку птушаняці
Незвычайнае цяпло,
Што ад сонца
                         і ад маці.

Вачаняты птушанят
Паглядзяць навокал стала...
Так
        мільёны год назад
I Зямля з калыскі ўстала?

I захочацца вясне
Абнавіць лясы і пахі.
I прасветлена і мне
Паглядзяць у вочы птахі.

I ніяк не саграшу —
Іх у небе прывітаю...
Я птушыную душу
Да мужчынскай прыхінаю.


Сярэдняя: 4.7 (3 галасоў)
З рэчкі да воблакаў
                                  лёгкі павеў халадку.
А дзятлік кружляе
                        ля сціхлай сасны пакалечанай,
Мелодыя ў дзятлікавым малатку
Ад соснаў пачутая,
                                   соснам прысвечана.

Выпытвае, чую:
                          «А дзе, а чаму? Так, так, так...
А хто вас пакрыўдзіў:
                     вятры, ці маланкі, ці нелюдзі?..»
Які ты, мой дзятлік, вялікі прасцяк,
Адважны прасцяк,
                  бо і ў нас твая шчырасць паперадзе.

Над хворай сасной
                                 не зважаеш на нас і на лёс,
Сцінае твой голас
                               вялікая нотка расстайная,
Тук-тук малаточкам,
                                    так-так — замест слёз,
Тук-так — над зямлёй, над жыццём,
                                      як над вечнаю тайнаю.


Сярэдняя: 4.5 (6 галасоў)
Мінаю рэкі і брады.
Яшчэ бруяць крыніцы.
Хоць не знайсці жывой вады,
Было б жывым напіцца.

А хто крынічку задушыў —
He пашкадуе мора.
Няма прасторы для душы,
А цэлы свет —
                     прастора.

I ўсё вяртаецца да нас,
Што высахла, забыта.
Дзе ў нябыт ступае час, —
I час ідзе з нябыту.