Нарадзілася ў 1981 годзе ў Мінску. Сапраўднае прозвішча - Мартынава. Скончыла Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт. З 2006 года Вальжына Морт жыве і працуе ў ЗША.
Друкавалася ў беларускіх і замежных літаратурных выданнях (Nihil, Orient Express, Kafka). Аўтар кнігі «Я тоненькая як твае вейкі» (2005). Друкавался ў сумесных зборніках паэзіі «12+1. Конкурс маладых літаратараў імя Наталлі Арсенневай» (2004), «Frontlinie» і інш.
Перакладае з ангельскай і польскай моваў. Паасобныя творы перакладзеныя на нямецкую, польскую, шведскую, англійскую, літоўскую, латышскую, славенскую, балгарскую, украінскую мовы.
Удзельніца міжнародных фестываляў паэзіі ў Германіі, Швецыі, Ірландыі, Славеніі, Літве. Фіналістка літаратурнага конкурсу імя Н. Арсенневай (вясна 2003). Лаўрэат міжнароднай літаратурнай ўзнагароды «Крышталь віленіцы» Міжнароднага літаратурнага фестываля «Віленіца-2004» (Славенія, 2005).
У 2008 годзе ў ЗША у выдавецтве Copper Canyon Press выйшаў зборнік беларускамоўных вершаў з іх перакладамі на англійскую мову "Factory of Tears" ("Фабрыка слёз"), названы амерыканскім друкам "першым у гісторыі беларуска-англійскім паэтычным зборнікам, выдадзеным на тэрыторыі Злучаных Штатаў". Кніга таксама выйшла ў перакладах у Швецыі і Германіі. У 2010 Вальжына Морт была ўганараваная амерыканскай літаратурнай стыпендыяй Фундацыі Лэннэна (2009 Lannan Literary Fellowship).