Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Біяграфія Васіля Віткі

Нарадзіўся 16 мая 1911 года ў вёсцы Еўлічы Слуцкага раёна Мінскай вобласці. Сапраўднае імя - Крысько Цімох Васільевіч. Пасля Слуцкай прафтэхшколы (1928) працаваў слесарам на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у заводскай шматтыражцы (1929-1930), рэдакцыях газет «Камуніст» (Бабруйск, 1930-1933), «Ударнік» (Жлобін, 1933-1935), «Чырвоная змена» (1935-1937), «Літаратура і мастацтва» (1937-1938) і часопіса «Полымя рэвалюцыі» (1938-1939). Удзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і да самага пачатку вайны працаваў сакратаром Беластоцкага абласнога аддзялення СП БССР. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны - у рэдакцыі газеты «Савецкая Беларусь», а з 1942 г. - у аддзеле прапаганды і агітацыі ЦК КПБ рэдактарам масавых выданняў для акупіраваных раёнаў. Супрацоўнічаў у сатырычных часопісах «Партызанская дубінка» і «Раздавім фашысцкую гадзіну». З дня ўтварэння часопіса «Беларусь» (студзень 1944) працаваў яго адказным сакратаром, з 1948 г. - намеснікам, з 1951 г. - галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва». У 1957-1974 гг. - галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка». У 1974-1987 гг. - сябра сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм».

Друкавацца пачаў у 1928 годзе. Першы зборнік вершаў «Гартаванне» быў выдадзены ў 1944 годзе ў Маскве. Пасля выходзілі ў свет зборнікі «Поўдзень» (1946), «Вернасць» (1953), «Ружа і штык» (1958), «Паверка» (1961), «Вершы» (1968), «Беларуская калыханка» (1971), «Праводзіны лета» (1972), «Вышыні святла» (1977), «Случчына» (1981), «Трэція пеўні» (1988), зборнік сатыры і гумару «Для дома, для альбома і трохі для эпохі» (1983). Для дзяцей выдаў кніжкі паэзіі і вершаваных казак «Вавёрчына гора» (1948), «Буслінае лета» (1958), «Казка пра цара Зубра» (1960), «Дударык» (1964), «Азбука Васі Вясёлкіна» (1965), «Казкі» (1968, 1976), «Чытанка-маляванка» (1971), «Хто памагае сонцу» (1975), «Ладачкі-ладкі» (1977), «Мы будуем метро» (1979), «Мінскія балады» (1982), «Казкі і краскі», «Госці», «Загадка пра зярнятка» (усе 1984), «Дзецям» (выбраныя творы ў дзвюх кнігах, 1986), «Свята дружбы» (1987), зборнік апавяданняў «Зайчык-вадалаз» (1962). У 1973 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах. Васіль Вітка з'яўляецца адным з аўтараў чытанкі «Роднае слова» для 1-га (1969), 2-га (1970) і 3-га (1988) класаў.

Аўтар п'ес «Прамень будучыні» (1948), «Шчасце паэта» (1951, пастаўлена ў 1952).

Напісаў многа літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў на маральна-этычныя і выхаваўчыя тэмы. У 1977 г. выдаў кнігу дзённікаў, нарысаў і апавяданняў «Дзеці і мы», у 1982 г. - кнігу «Урокі», у 1988 г. - «Азбука душы».

На беларускую мову пераклаў паэму Ў. Маякоўскага «Добра!» (1940, з Р. Лыньковым), «Паны Галаўлёвы» М. Салтыкова-Шчадрына (1956), кнігу В. Сухамлінскага «Блакітныя жураўлі» (1971), творы расейскіх, украінскіх, латышскіх, балгарскіх і польскіх пісьменнікаў.

У 1978 годзе Васіль Вітка быў узнагароджаны Міжнародным ганаровым дыпломам імя X. К. Андэрсена з занясеннем прозвішча пісьменніка ў ганаровы спіс вялікага дацкага казачніка. За кнігі «Беларуская калыханка» (1971), «Казкі» (1968), «Чытанка-маляванка» (1971) паэту ў 1972 годзе прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР. Заслужаны дзеяч культуры БССР (1970). Узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума - «Знак Пашаны» і медалямі.

vasil_vitka.jpg