Нарадзіўся 1 студзеня 1947 года ў вёсцы Белькаўшчына Стаўбцоўскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і. Пасля заканчэння Мікалаеўшчынскай сярэдняй школы (1965) працаваў будаўніком, у рэдакцыі стаўбцоўскай раённай газеты «Прамень». Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1971). Настаўнічаў, працаваў у выдавецтве «Народная асвета», Менскім абласным Доме народнай творчасці, на Беларускім радыё і тэлебачанні. З 1985 г. - старшы рэдактар выдавецтва «Юнацтва». Сябра СП СССР з 1989 г.
Першыя вершы надрукаваў у 1963 г. (раённая газета «Прамень»). Аўтар кніг паэзіі «Ярына» (калектыўны зборнік «Нашчадкі», 1979), «Прычасце» (1983), «Зялёны прамень аеру» (1987), вершаванай казкі для дзяцей «Насціны гасціны» (1989).
У перыядычным друку выступае і як крытык. Перакладае вершы паэтаў народаў СССР. Укладальнік зборнікаў «Вершы» Якуба Коласа (1987), «Гары, агонь Кастрычніка» (1987) і інш.