Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Алесь Казека

Сярэдняя: 5 (1 голас)

На курган векавечны,
дзе шэпчуцца музы,
далакоп свайго лёсу,
я неяк узлез і...
…І пад тысячай тон
вершаванага друзу
пахаваў і свае
9 гранаў паэзіі.

Сяргей Украінка

Неяк –
Проста так ці, можа,
Нёс якую навіну –
Да мяне сябрук Сярожа
На хвілінку зазірнуў.

Ну, па чарачцы пад шкварку,
Як вядзецца ў нас здаўна.
І… Канечне, на рыбалку!
Каб не траціць час дарма.

Мушу тут агаварыцца:
Што з рыбалкай – без турбот.
Рэчка з чыстаю вадзіцай
Ля маіх цячэ варот.

На масткі!
Ліхтар, нажыўка,
Снедзь у торбе, як заўжды.
Вуды – во!
З японскай жылкай,
Каб надзейна, без бяды.

Прыкармілі, тое, сёе…
Прымасціліся. Сядзім.
Па-над цёмнаю вадою
Пара сцелецца, як дым…

Паплаўкі нібы прысохлі,
На кручку ссінеў чарвяк.
Ці то рыбы тыя здохлі?
Ці са снасцю што не так?

Ды няма турботы творцам.
Тут Сяргуня расказаў
Як з Міколам Цудатворцам
Цеплатрасу абжываў.1

А затым у поўнай скрусе
Мне на вуха прашаптаў,
Што, даўно яшчэ, у друзе 2
Нешта цэннае схаваў.

Потым чэсна гэтак глянуў:
– Эх, каб зараз на Парнас,3
Ды забраць тых дзевяць гранаў.4
Бо сапруць жа ў нейкі час...

– Іш, хваціў! Ты што, на крылах?
Дзе тут мы, а дзе Парнас?
Як мазгоў табе хапіла
Утварыць такі запас?
Як туды цяпер даб’ешся?
Мабыць ты дабро спаліў.

– Каб знаццё, дзе спатыкнешся,
Дык саломкі б падсцяліў…

Так няўзнач мінула поўнач –
Неяк хутка час прайшоў.
Усплыла над лесам поўня,
Толькі лешч – не “падышоў”.

Іншы раз гусцёрка дзёўбне,
Ці бычок – тут не ўглядзіш.
А калі дык ёмка сцёбне –
Падсякаеш – з макам шыш.

Але трэба ціха-ціха
На начной усё ж сядзець,
Бо магчыма тут, на ліха,
І паклёўку праглядзець.

– Ты не ў курсе?
– ???
– Нахран палкай
Высякаць агонь з вады?
Што ты?..
– Выкінуў Русалку.
– Дык… навошта?
– А куды?..

Зноў сядзім. Нуда. Маркота.
І паддачы ўжо няма.
Быццам тыя ідыёты…
– Зараз піва б…, ці віна.

– Глянь-ка! –
Нібы ў танцы, лёгка
Паплавок пабег, пабег…
– Не марудзь, міне паклёўка.
– Не суроч. Чакай. Падсек!

Нехта спрытны, нехта важкі
Вуду гне, убок вядзе.
Вось дзе ведаць вельмі важна,
Што яна не падвядзе!

Мне карціць ужо.
– Здаецца,
Што там сом.
– А можа рак? –
Але ўсё ж Сяргей імкнецца
Роўна выставіць падсак.

– От жа ж гад, як спрытна скача!
– Бліжай, бліжай падвадзі!
Што там, бачыш?
– Не, не бачу.
Калі можаш – сам глядзі!

Ён падсак прыпадымае…
Адганяюць блікі цень.
– Што там?
– Рыбка… Залатая!
Вось дык дзіва!
– Вось дык хрэнь!
Можа гэта…
– Сплюнь! Ды што ты?..
– Ушчыкні. Мы, можа, спім?..

Толькі чую:
– Гэй, наркоты,
Добрай ночы! Што маўчым?
Не туды, спрывіліш шыю!
У падсак глядзі. Пазнаў?
Рабінгуды, блін, касыя.
Ледзь “грыбы” не адарваў.
Панасадзяць ідыётаў,
Нахер некага паслаць.
Во знайшла сабе работу…
Ну, давай! Харэ маўчаць.
Што ты, кніжак не чытаеш?
Тры жаданні, як заўжды.
Што закажаш – атрымаеш.
Мне, канкрэтна, да звязды.
Гавары вось ты, вусаты.
Ты ж мяне як быццам спас!..

Я заенчыў вінавата:
– Мы тут… Хочам… На Парнас.

– А я думала, што будзе
Разумнейшы нехта з вас.
Марны лёс… Ну што за людзі? !
Што ж, выконваю заказ.

Так сказала нам, і знікла.
Разам з ёй у той цішы
Знікла ўсё… І мне нязвыкла
Неяк стала на душы.

Не, хлапцы, ні ў якім разе
Мы не здрэйфілі тады.
Толькі – р-раз! – і на Парнасе,
Без усякае хады.

Камуфляж, цяжкі абутак,
Нож у задніцу дзяўбе – 5
Пэўна, бляха, Рабінгуды.
Аж няёмка за сябе.

Стала холадна адразу.
А затым, праз нейкі міг,
Цеплыня накрыла разам,
Распраніся хоць пры ўсіх.

Карацей, і смех, і гора.
Вось, папалі мы ўпрасак!
І які, скажыце, ўчора
Прымушаў нас піць мудак?

Пагляджу: навокал ходзіць
Знакаміты, пэўна, люд.
А Сярога носам водзіць,
Зазірае ў кожны кут.

Злева людзі, справа людзі –
Так нядоўга да бяды.
Мы тут згубімся, ці зблудзім.

– Гэй, Сярога! Ком сюды.
Трэба вызначыць задачу,
Каб усё пайшло на лад:
Я пайду да Музы, значыць.
Ты – шукаць свой даўні клад.
І, дарэчы, ты заўважыў?
Тут ідзе іначай час.
– Разбярэмся.
– Гэта важна.
Ёлкі-палкі. Во… Парнас!

Тут рассталіся з Сярогам.
Ён – сабе, а я – сабе.
Павяла мяне дарога…
Толькі пыл, ды нож дзяўбе.

На гары палац прыгожы.
Вось – люстэрка на сцяне.
Глянуў мелькам: ну і рожа.
Ці прывецяць тут мяне?

Пад рамень засунуў пуза,
Гэта ўсё-такі Парнас.
– Эй, мужык!
– А, Вы да Музы?
Вось сюды. Чакаюць Вас.

Адчыняю дзверы ціха,
Бо да ўсякага прывык.
Божа!
Тут ураз ад пыхі
І замутак нават знік.

Прыгажэйшага стварэння
Я ўявіць сабе не мог.
Аж сківіцу ад здзіўлення
Ледзь паспеў спаймаць ля ног.

Галава шуміць прыбоем,
Кроў – вось-вось – і закіпіць.
Не пазнаць сябе. Ды што я?..
Трэба ж нешта гаварыць.

І панёс: што я здалёку
Спецыяльна прыляцеў,
Што тут клімат дужа лёгкі,
Што даўно таго хацеў…

Я ж спяваць такія песні,
Калі трэба, то мастак.
Але бачу, хоць ты трэсні,
Нешта тут ідзе не так.

Чысціня нябеснай шыры
У вачах. І лёду шкло…
Усміхнуўся. Проста, шчыра
І… адразу ўсё пайшло.

– Я цябе даўно чакала.
Вып’еш кавы, ці віна?
Каб ты ведаў, як дастала
Крывадушная мана!
Знай, у век хлусні і блуду,
І заган усіх масцей
Я з табой заўсёды буду.
Хоць… наўрад ці так прасцей.

Я ад гэтага прызнання
То бялеў, то чырванеў.
Але ўсё ж, брахаць не стану,
Так расчуліла мяне…

– А скажы-ка, Муза, мне ты
Што за люд таўчэцца там?
Дзе празаікі, паэты?
Нешта я не ўцямлю сам.

Спахмурнела раптам Муза.
– Творцы нашы да пары
Ад ліхіх капанцаў друзу.
Пахаваліся ўгары.
А таўкуцца камерсанты.
Так сабе: купі-прадай.
І нямашака гарантый
Ад нашэсця новых зграй.
Сотні тон падобных грузаў
Неслі ўсе раней сюды.
А цяпер вагоны друзу
Разбіраюць хто куды.

– Пачакай. А што, тых гадаў
Не прыструніць тут ніхто?
Ці няма каму загаду
Выдаць? Тут адказны хто?

– Тут няма такога, любы.
Вось да гэтае бяды
Гонар і любоў ад згубы
Ратавалі нас заўжды.
Але бач, знайшліся людзі –
З свету вашага народ.
Што цяпер з Парнасам будзе?
Мы ж збіралі столькі год!..

І з такой глядзіць журбою,
Гэтак туліць галаву…

– Ды я ўсіх за нас з табою
На брытанскі флаг парву!
Мне патрэбна з сябрам стрэцца.
Ты хвіліну пачакай.
Не турбуйся. Мне здаецца,
Уратуем любы край.

І з палацу прэч падаўся,
Апынуўся на двары.
Толькі зараз разабраўся,
Што няма ўжо паўгары.
Ну, капанцы-паразіты,
Гэтак будзе да пары!
Як няма ў сваёй макітры,
Хрэна знойдзеш і ў гары.

Гэтак сам расхваляваўся,
Так завёўся – проста страх.
Тут Сяргей намаляваўся
З ёмкай торбай у руках.

Вельмі ўзрушана гаворыць,
Аж рукамі стаў махаць.
– Дзе там скарб твой?
– Га? Каторы?
– Дай-ка торбу патрымаць.
Ні хрэна мне дзевяць гранаў!
– Дай сюды назад!
– Пастой.
Тут з дзясятак кілаграмаў.
Колькі ж гран пацягне твой?

– Вечна, бляха, ты з падколкай.
Аддавай законны груз.
Зараз будзе ўсё па толку.
Я цяпер – казырны туз!
Там – усё перакапана.
Ледзьве вось сваё знайшоў.
Панагналі сукі кранаў,
Самазвалаў, ды каўшоў.
Як далей вось гэтак пойдзе,
Дык Парнас, ядрона маць,
Год праз дзесяць хрэн хто знойдзе.
Трэба нешта прадпрымаць.

– Во, і Муза рады просіць.
Трэба, трэба падсабіць.
Так злуюся, аж калоціць.
Мы пайдзем, а ёй тут жыць.

– Гэта ты шчэ не праспаўся.
Скора пройдзе, не бяда.
Бачу-бачу, закахаўся.
А скажы: ці ёсць звязда?

Калі ёсць, і я б паддаўся.
– Памаўчы!
– Вось гэта да!
Значыць, пэўна закахаўся…
Значыць, ёсць і ў іх звязда.

І Сяргуня, як філосаф,
Ці чысцёха без заган,
Моршчыць лоб і хітра косіць.
–Ты на што ківаеш?
–Га?
– Што ты, нібы знепрытомнеў?!
Ты давай па дзелу тут. –
І сябрук, нібыта ўспомніў:
– Можа: рыбка, родны кут…

– Не, пасля тае сустрэчы,
Я не дужа з ёй.
Але ж…
Не па тэме баба “лечыць”.
Можа ты ўжо пазавеш?

– Я таксама з ёй не буду
Падымаць ніякіх тэм.
– Дзе вадзіца з гэтым “цудам”?
– Тут Кастальскі ключ. 6 Хадзем.
Во загналі ключ, дзівіся!
Нібы свет для іх малы.
– Рыбка, рыбка! Адзавіся!

– Што, знудзіліся, казлы?
Мне ад вашых “пацалункаў”
Не патрэбен ботэкс той.
І няма ж ад вас ратунку.
Во спаймала гемарой!
Абплываць за кіламетр
Буду зараз гэты край.
Ёсць жа верная прыкмета…
Блін, звязалася…
Давай,
Гамані! Няма мне часу.

Раптам Муза – бац – прад ёй.
Рыбка ўбачыла й адразу
Адпусціла гонар свой.

– А-а, прабач, але ж абрыдла!
Дзе ты выкапала іх?
Ды яны ж, як тое быдла,
Ноч бухалі “на дваіх”.

Муза нешта прашаптала
Рыбцы ў вуха (прама ў вір).
– Што адразу не сказала?
Добра, хлопцы. Хопіць. Мір.

– Рыбка! – Я таксама рады. –
Трэба нам дапамагчы.
Як здабытак, дай нам рады,
Для нашчадкаў зберагчы?

– Гэта што, тваё жаданне?
– Ну канечне, выручай!
Я жадаю: каб да рання
Узнавіўся гэты край!

– Добра. Дайце трохі часу,
Каб вярнуць на месца друз.
Бо, калі зрабіць адразу,
Можа стацца землятрус.
А ўсё ж ты, калі не дурань,
То дзівак. Бо на двары
Зараз дзень. Чаму пануры?
Свой тут час. Ну, мы ж – сябры?!
Вы пакуль яшчэ пабудзьце
Тут дзе-небудзь, на ключы.
Бо такое зараз будзе…
Каб мне вас уберагчы!

Знікла рыбка. Праз хвіліну
Ірванула, аж варссё
Дуба стала. Нібы зрынуў
Нехта гмах і… сціхла ўсё.

А затым сцямнела разам
І… ці дождж, а ці то снег.
Колькі ўжо мінула часу?..
Страшна стала – не на смех.

Толькі мат у гэтым трусе
Так і прэцца з языка.
Але нельга – побач Муза.
І ў яе мая рука.

– Вось і ўсё. –
І зноўку разам,
Дружна, з радасцю ў вачах
Мы выходзім да Парнаса
Ад Кастальскага ключа.

Зноў ласкава свеціць сонца.
І на ўзноўлены Парнас
Чарадой выходзяць творцы,
Пра якіх казаў Тарас.7

Нехта вунь нервова курыць
Убаку… Ідзе сюды.
Не стае чагосьці курве.
Мабыць друзу, як заўжды.

Бач, галосіць:
– Братцы, братцы!
Разарыўся! Ад бяды
Мне куды цяпер падацца?
– Нахер!
– ???
– Гэта ву-у-нь туды.

Эх, Сярога!.. Не стрымаўся.
І нашто ж пры даме так?
Але той, глядзі, падаўся.
Мабыць дойдзе ўжо… Лайдак!

– Муза, чуеш? А чаму ты
Не зрабіла так без нас?
Без загібаў хітрамудрых,
Без прэлюдый і прыкрас.

– Не крыўдуй. Такую справу
Не зрабіць без вас павек. –
Тут становішча паправіць
Можа толькі чалавек.
Толькі вашыя імкненні
Тут рашаюць. І для вас,
Можа, й наша прызначэнне,
Гэта сонца і Парнас.
Хай тваёй часцінкай стане
Гэта ўсё. Не забывай…
Ваша трэцяе жаданне
Рыбка ведае. Бывай.
. . . . . . . . . . . . .

Зноў масткі, палае ранне.
Я. Сярога. Пах ракі…
І нястрымнае жаданне
З цеплынёй Яе рукі…

Торба, кнігі… І прытомнасць
Ёсць… як быццам. Толькі звон…
– Ты, Сярога, нешта помніш?
– Помню.
– Можа, гэта сон?

– Але каб стрызніць такое…
Гэта ж поўны, блін, трындзец!
Трэ завязваць мне з напоем.
Да дабра не давядзе.
Словы ўсе, канешне, мігам
Можна вынішчыць ушчэнт.
А вось гэта: торба, кнігі –
Гэта ж, бляха, дакумент.

– Ды харэ нам затлумляцца:
“Ці было, ці не было”.
– Праўда, хопіць… І – збірацца
У рэальнае жытло.
Ёсць там што?
– Па сотцы выйдзе.
– Налівай тады скарэй,
Бо, калі хто з “музаў” прыйдзе,
Атрымаем звездзюлей.

– Чуеш? Нібы нехта пырснуў.
– Не было б другой тугі.
Азірнуўся… Толькі пырскі
Ды расходзяцца кругі.

АлесьКа

Заўвагі:
1. Размова ідзе пра верш С.Украінкі:

М.Яцкову

Сёлета свой Дзень нараджэння
Святы Мікола Цудатворац
адзначаў у г. Магілёў-на-Дняпры…

Зляцеў сівагракам
Мікола-Святы ў Падміколле
і сціпла прайшоў чалавекам
па ўюшлівых гонях людскіх,
і ў Храм увайшоў...
і лёгка не стала святому
ад хвалы такой. Ці заслужанай?
ад спеваў, такіх... ці заслужаных?..
і выйшаў ён з храма на волю,
забыўшы чало пераксціць.

А...

...выпілі пляшку амброзы
з тутэйшым наркотам Сяргунем,
пагаманілі “за жысь”
і потым паклалі галовы
на бляху трубы-цеплатрасы
і цёхкалі, цёхкалі, цёхкалі
ў лад салаўям.

“Божачкі, – марыў Мікола, –
а так бы хоць пару стагоддзяў...”

Толькі гэнае дзіва
не здолее й ён сатварыць.

2. Друз – шчэбень; тоўчанае каменне, альбо цэгла; абломкі.
3. Парнас – Гара ў Грэцыі, на якой, паводле павер'яў старажытных грэкаў, жылі музы.
4. Гран – Адзінка аптэкарскай вагі, роўная 0,062 грама.
5. У склад амуніцыі рыбака ўваходзіць, як правіла, нож у ножнах, які звычайна носіцца на паясным рамяні.
6. Кастальскі ключ – Крыніца на гары Парнас каля горада Дэльфы (Грэцыя). У Старажытнай Грэцыі шанаваўся, як святы ключ Апалона і муз, які даруе натхненне паэтам і музыкам.
7. Маецца на ўвазе паэма “Тарас на Парнасе”, напісаная ў другой палове 19 стагоддзя
Канстанцінам Васільевічам Вераніцыным.