Цяпер амаль па праве жабрака,
Што сочыць за мінулым спадцішка,
Я аб жыцці мяркую непрыкметна,
Бы ў моры раствараецца рака,
Гусцеючы ад солі... Так рука
Кранаецца да цемры апраметнай.
З нязграбнасцю чароўнай і дурной
Было юнацтва, і яно смугой
Вілося ўвысь абсягам на паўсвету.
Але раптоўна трэсне пад нагой
Галлё сухое, і тады з тугой
Ты зразумееш, што набрыў на мэту.
Празрыстае, як памяць, азярко:
Як не сумуй, а слёзы – ў малако,
Ды добра, што не трапілі ў двукоссі.
Яшчэ крыху – і выпадзе ачко,
I ты замрэш – маўклівы, як нямко,
Бо толькі здаць па карце засталося...
Такая літасць – асалода слёз,
Каб дакрануцца крыллем да нябёс
I бачыць навакол пачатак лета,
А там нячутна выйдзе на пакос
Старая бабка, што згубіла нос...
Аднак я не пра гэта, не пра гэта...