Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Глеб Ганчароў

***

Яшчэ не ацэнена

Я прадчуваў, што ў холадзе прыйду,
Згублю мацунак долі валацужнай,
I страт неверагодных чараду
Сустрэча сцішыць. У зімовай сцюжы
Ёсць нешта першабытнае… Амаль
Пасуе мой характар снегападу,
Як ломанай маланкі вертыкаль
Перасякае рысу далягляду.

Я пэўны быў, што ў снежаньскай тузе
Прывалаку разбухлыя кішэні,
З якіх павыпадаюць па чарзе
Набытыя ў ліхтугах спусташэнні.
Муляючыся, месяц цішаком
Распусціць шыбу колерам лімонным,
I я сябе адчую двайніком
Заціснутага ў кут хамелеона.

Няхай мігцяць лімонныя агні
Ператварэннем поўнявага злепка:
Я буду адлюстроўваць прамяні,
Падобны да самотнага аскепка.
Рассечаная лёзамі начэй
На тысячы непераносных енкаў,
Ты, каб закатаваць мяне лягчэй,
Раптоўна скінеш тонкую сукенку.



***

Сярэдняя: 4.3 (22 галасоў)

***

Хлюпотны лістапад прыліплы, што смала.
Ён кокашы задзёр закончаным трываннем.
Апошняе лісцё з’ядае паўімгла.
Пара сябе пацешыць «Дзікім паляваннем».

На даху – лёгкі снег, на шыбах – першы лёд…
Зарыйся ў пухкі плед, замры, як жонка Лота.
Трымацца на баку ад тарфяных балот
Не выйдзе, бо паўсюль бясконцыя балоты.

Працягвай, як мага, капеечнае шоу,
Падхлябістая здань у ношаным шлафоры.
Надзея, ты адна, і пан Андрэй пайшоў
Туды, дзе весялей, і не зазналі гора.

Сапсутае жыццё цябе кідае ў сплін,
I фарбы адцвілі ў самотнасці кароткай,
Ды сеткі, як павук, пляце наўкол Ялін
Спрывілены сваяк з палуджанаю глоткай.

Чым вусцішней жыццё, тым любата радзей.
Струхлела парахнёй зняможаная вера.
Спакою больш няма, бо жыць сярод людзей –
Смяротней, чым у скронь патрапіць з рэвальвера.

Штоноч сачыць з акна выродлівы гарбун.
Чакай, калі цябе сустрэнецца Вергілій!
Над багнаю нясецца прывідны табун
I цягне за сабой сабаку Баскервілей…

Ты ўвесь скурыў тытун, і думаеш няўцям,
Што тэлефон маўчыць. Прабіў гадзіннік восем.
Маркотны дэтэктыў. Метафары – к чарцям!
Для нас няма святла, а ёсць туга і восень.



***

Сярэдняя: 4.3 (34 галасоў)

***

Адгэтуль мне не страшны галалёд
Ды снегам прыхаваныя палонкі…
У кнізе лёсаў – драны пераплёт,
Паточаныя шашалем старонкі.

I нашы душы безліччу вятроў
Былі гурмой патопленыя ў моры
Старонак без дакладных нумароў,
У зломках недапісаных гісторый.

I хто зрабіў пасля дарэмны чын,
Злажыў сюжэт, напісаны багамі?
Ён аркушы сабраў і спалучыў
Нязграбна, кепска, дагары нагамі.

Хто іх хапаў са спрытнасцю гульца,
Не гледзячы на сэнс апавядання,
Што лёсы без пачатку і канца
Паўсталі наўзамен наканавання?

Каму крычаць, прыкмеціўшы падлог,
На ўцеху разнастайным фаталістам?..
Маё жыццё згубіла эпілог
I маналог аб самым асабістым.



***

Яшчэ не ацэнена

***

… А што, калі Iсусы, Маісеі
Ды іншая прароцкая гурма
Вялі сябе з людзьмі, як фарысеі,
Бо ведалі, што вечнасці няма?

Што не сустрэць ніколі ўратавання:
Там – пустата і ледзяная твань! –
I хлусілі з вар’яцтвам спачування,
Каб паства не ўвасобілася ў здань?

Таму ў якімсьці насланні змярцвелым,
У хіжасці імглы і скавышу,
Аж сорак дзён над апусцелым целам
Вымотвае і скручвае душу.

Яна, што абяссілены падранак,
Iрвецца марна ў перажыты лёс!
Няўжо настолькі жудасны прыстанак
Наканаваны ёй замест нябёс?



***


***


***


***


***


***


***


***


***


***


***


***


***