Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

***

Яшчэ не ацэнена

Я прадчуваў, што ў холадзе прыйду,
Згублю мацунак долі валацужнай,
I страт неверагодных чараду
Сустрэча сцішыць. У зімовай сцюжы
Ёсць нешта першабытнае… Амаль
Пасуе мой характар снегападу,
Як ломанай маланкі вертыкаль
Перасякае рысу далягляду.

Я пэўны быў, што ў снежаньскай тузе
Прывалаку разбухлыя кішэні,
З якіх павыпадаюць па чарзе
Набытыя ў ліхтугах спусташэнні.
Муляючыся, месяц цішаком
Распусціць шыбу колерам лімонным,
I я сябе адчую двайніком
Заціснутага ў кут хамелеона.

Няхай мігцяць лімонныя агні
Ператварэннем поўнявага злепка:
Я буду адлюстроўваць прамяні,
Падобны да самотнага аскепка.
Рассечаная лёзамі начэй
На тысячы непераносных енкаў,
Ты, каб закатаваць мяне лягчэй,
Раптоўна скінеш тонкую сукенку.