Ідзе за годам год,
Сівеюць людзі, хаты, —
І ўсё ў ярме народ,
А над шляхамі — краты.
І ўсё фарбуюць брук
Крыві ахвярнай плямы.
Чуваць астрожнай брамы
На ўсю краіну грук.
І маці не адна
Глытае моўчкі слёзы:
Зноў сына па дарозе
Пагналі ў кайданах...
Ад гэтае пары
Ўдавою тужыць ніва,
Каню гнядую грэву
Расчэсваюць вятры...
Мо вернецца, мо згіне
Таварыш дарагі,
Услед за ім другія
Ўзняліся, як сцягі.
Той самаю дарогай
Яны вядуць народ,
І ўжо да перамогі
Бліжэй на цэлы год.