Два словы: «Ратуй» і «Памілуй», –
Над снежным зацішшам лясоў
Усходзяць туды, дзе панылы
Скрыгоча нябесны засоў.
Два словы. I болей – ні шэпту,
Ні ўздыху, ні плачу наўкол,
Як кулі ахвярную лепту
Чаргою ўняслі ў пратакол.
Два словы з маленнем да мамы,
Сплываючы ў сонны кашмар,
На дне зацярушанай ямы,
Пазбаўленай веры і мар.
Два словы танюткай галінкай
Хоць нехта да Бога ўзнясі!
Пад небам Малой, і Вялікай,
I Белай, як саван, Русі...