Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Абанент

Сярэдняя: 2.3 (3 галасоў)

Абанент,
катораму вы званіце,
часова недаступны.
Недасягальны.
Грозны мент
у думках на рэпіце
шукае наступствы,
ужо крымінальныя.

Абанент - не абанент...
Ператэльваю разоў дзесяць,
пасінелымі пальцамі
цісну зялёную кнопку,
не веру, што абанемент
атрыманы дзесьці
на трохразовую пайку
і недахоп добрых навінаў звонку.

Супакоіцца.
Удыхнуў - выдыхнуў.
У спісах затрыманых шукаю,
але не магу знайсці
патрэбнае імя,
як у бяссонніцу
мозг назойліва падмануў:
сутарэнні малюе, сярод іх блукаю, -
камера тры на чатыры для дваццаці,
але сярод спісаў няма.

Глухар. Бомж. Маяк,
ці як яшчэ гэта
называецца цяпер,
усё адно, -
надзеі знак,
што не забралі ў гетта,
навігатар батарэю зжэр,
а на сэрцы цяпло.

У гэткія дні
трэба рабіцца
куклаводам
Чэхаславацкім,
напярэдадні,
каб не страціцца, не спазніцца,
назначаць сустрэчы пад білбордам
з графам Чапскім.

Папяровыя запіскі
па белпошце з паштовым голубам -
нядрэнная альтэрнатыва
у свеце з адключаным інтэрнэтам,
рэйтынг нізкі,
але што яшчэ трэба вам,
раз іншай няма перспектывы,
гэта сродак з рамантычным імпэтам.