Весела глядзела наша хата,
Поўная пяшчоты, дабраты:
З Латвіі прыехалі на свята
Два мае старэйшыя браты.
Дужыя, мяне на рукі бралі –
Мне было не больш гадоў пяці.
– Як там вершы вывучыў? – пыталі.
– Го! То можна смела ў школу йсці!
З добрых там заробкаў панавезлі
Нам гасцінцаў розных і абноў.
Бацьку быццам промні ў вочы лезлі:
– Во дзе мне падмога ад сыноў!
Маці не хавала слёз шчаслівых,
Ўсю сям’ю сабраўшы ля стала:
– Дзеткі, ці даўно было, калі вы –
Свет няблізкі – ў школу ў кандалах!*
Доўга, смяючыся, ўспаміналі,
Як тады казаў я:
– Пагляджу
Ў новых чаравіках і ў касцюме
Ці пазнае наш сабака Жук!
Хоць гадоў было мне значна болей
Потым, – мне абновы везлі зноў…
…Я ва ўдзячнай памяці ніколі
Ўсіх тых не пазношваю абноў!
* Кандалы – самаробны абутак на драўлянай падэшве.