Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Станіслаў Валодзька

С. Валодзька нарадзіўся ў сям’і селяніна-аднаасобніка. У 1974 годзе скончыў Жукойненскую сярэднюю школу. Пасля службы ў войску ў Гомелі працаваў на Прыбалтыйскай чыгунцы механікам пуцявой машыны. У 1987 годзе закончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Зараз жыве ў латвійскім горадзе Даўгаўпілсе. Жанаты, мае двух сыноў Алега і Антона.

Вершы С. Валодзька пачаў пісаць яшчэ ў школьным узросце. Друкуецца ў беларускім і латвіўскім друку. Яго творы публікаваліся ў Англіі, Польшчы, Расіі і на Ўкраіне. Выступае з вершамі на радыё і тэлебачанн і – як у Беларусі, так і ў Латвіі.

У 1983 г. у серыі “Першая кніга паэта” выйшаў калектыўны зборнік “Сцяжына”, дзе змешчана вялікая падборка вершаў С. Валодзькі “На хвалях хвалявання”. Затым убачылі свет яго кнігі паэзіі “У вачах Айчыны” (1996 г.), “Обращение к сердцу” (1998 г.), “Памяці гаючая трава” (2000 г.). Выдаў кніжкі вершаў, казак і апавяданняў для дзяцей “Калыханкі і пацешкі для Антошкі і Алежкі” (перавыдадзена пад назвай “Зялёнае лета”), “Калі ласка, казка!” (гэтую ж кніжку на рускай мове – “Сказки и краски”, на польскай – “Кotka-bosa lapka” і на латышскай – “Pasakas un krāsas”), ”Бусинки”, “Чудесный котик”, “Сокровища”, “Соцветия рифм” і “Светлячок”. Яго вершы друкаваліся ў анталогіях “Беларуская паэзія ХХ стагоддзя”, “Крывіцкія руны. Беларускія пісьменнікі Латвіі”, “Русская поэзия Латгалии”, “Русская поэзия Латвии”, у анталогіі дзіцячай паэзіі пісьменнікаў Латвіі “Стихи для детей”, у анталогіі беларускай аўтарскай казкі “Вежа міру”, у кнізе казак сучасных пісьменнікаў “Залаты талер”, у кнізе выбраных твораў за 50 год часопіса “Вясёлка”, у кнігах серыі ЖЗЛБ “Максім Багдановіч. Пясняр чыстае красы”, “Якуб Колас. У думках, у сэрцах, у песнях”, “Максім Танк. На камені, жалезе і золаце”, у латвійскіх падручніках для 2 і 3 класаў “Русское слово” і „Русский язык”. На вершы С. Валодзькі напісаны шэраг песен кампазітарамі Латвіі і Беларусі. Выпусціў дыскі песен на свае вершы на беларускай і рускай мовах “Верю в свою звезду” і “Полынь и медуница”, дыск вершаў “Зямны паклон”, а таксама – зборнік “Песні і рамансы”. Гэтыя песні спяваюць у розных краінах свету.

У часопісе “Полымя” №8 за 2012 год пад рубрыкай “Навуковыя публікацыі” надру-каваны артыкул Пятра Маляўкі, выкладчыка Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта, аб літаратурным шляху С. Валодзькі пад назвай “Творчая індывідуальнасць паэта”. Аб яго творчасці добра адзываліся ў друку беларускія пісьменнікі Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, Данута Бічэль, Адам Мальдзіс.

С. Валодзька стаяў ля вытокаў беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”, нейкі час яго ўзначальваў, зараз уваходзіць у склад рэвізійнай камісіі гэтай грамадскай арганізацыі. Прымае актыўны ўдзел у правядзенні Дзён беларускай культуры, творчых вечарын, выстаў, якія ладкуюцца таварыствам “Уздым” і Саюзам беларусаў Латвіі. Унёс значную лепту ў стварэнне Цэнтра беларускай культуры ў Даўгаўпілсе.

С. Валодзька выступіў ініцыятарам стварэння і ўваходзіць у склад кіраўніцтва Асацы-яцыі творчай інтэлігенцыі Даўгаўпілса “DINA-ART” і таварыства Латвійска-Беларускай садружнасці.

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”, Ганаровай граматай Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце міністраў РБ i памятным медалём да 100-годдзя з дня нараджэння М. А. Шолахава “За гуманізм і ўклад у славянскую культуру”.

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Рускай пісьменніцкай арганізацыі Латвіі, Асацыяцыі дзіцячых пісьменнікаў Латвіі і Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў.

IMG_0373.JPG


Сярэдняя: 4.4 (13 галасоў)

“НОВАЯ ЗЯМЛЯ”

Запала ў сэрца “Новая зямля”.
Мне ўспомніцца не раз праз часу замець:
У шостым класе з хваляваннем я
“Мой родны кут” расказваю на памяць.

І лашчыць слых мне шчырай пахвалой
Настаўніца і ставіць мне “пяцёрку”.
Што даражэй няма зямлі сваёй,
Я з той пары навек засвоіў цвёрда.

І сёння праз навалы навальніц –
Я шчасліў, бо мне ёсць дзе чэрпаць сілы:
Я ведаю на памяць да драбніц
Свой родны кут, што мне таксама мілы.

Я цешуся, як тое немаўля, –
Вясна зямельцы справіла абновы;
І радуе, што “Новая зямля” –
Жыцця падручнік пакаленням новым…



Яшчэ не ацэнена

* * *

Час каменні пазбіраць,
Не раскідваючы болей,
І фундаменты пара
Пазакладваць нам з любоўю.

Брукаванкаю яны
Могуць класціся пад ногі.
Ў лазні ім няма цаны,
Што ратуе ад знямогі.

Час каменні пазбіраць –
Не хапаць з нябёсаў зоркі, –
Дзецям даць урок дабра,
Каб не зналі долі горкай.

Лепей поле засяваць, –
Каб радзіла нам на шчасце, –
Час каменні пазбіраць, –
Іх за пазуху не класці…



Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

І ў непагадзь, душа,
Гарыш ты ад любові.
Ад сораму гарэць
Не прыйдзецца, мо, болей.

Ад Вечнага агню,
Ад вогнішча Купалля –
Гары, душа, гары –
Нікчэмнае ўсё спальвай!

І, можа, на святло
Тваё
хтось выйсце знойдзе.
Яго ты адагрэй –
І ён аднойчы дойдзе

Да Вечнага агню
Да вогнішча Купалы,
Каб іскры і яму
У глыб душы запалі…