Да жанчын и да іх прыгажосці
Свой душэўны кірую парыў!..
Бог задумаў з хітрынкаю штосьці,
Калі Еву з Адама стварыў.
Жыў Адам з першых дзён невясёла,
Як лайдак толькі піў сабе, еў,
Ды хадзіў без парток – чыста голы,
Дзе-нідзе валасы толькі меў.
Спаць любіў ён на райскай прыродзе
(Добра з’еўшы, вядома заснеш!).
І Стваральнік рашыў на тым: “Годзе!
Абібокам, мой сынку, жывеш.
На сябе не звяртаеш увагі –
Бараду запусціў, кіпцюры.
Менш і мне ад цябе ўжо павагі –
Клічаш тату не Бог, а – стары!
Трэба чымсьці рашуча, грунтоўна,
Паўплываць на цябе, мой Адам.
Каб ты клопат спазнаў, мой шаноўны,
Я ж яго ад рабра табе дам”.
Разважаючы так адмыслова,
Покуль райскі сынок спачываў,
Той, што меў пачатковае Слова,
У Адама рабрыну вымаў.
І з бацькоўскай любоўю, натхнёна,
Стаў ён цуда ад цудаў ствараць
Ды зрабіў яго так пранікнёна –
Не хапае тых слоў расказаць.
Не было б тут залішне, магчыма,
І музыку да верша дадаць,
Каб пра Еву, пра першапрычыну,
Жаўруком, салаўём праспяваць!
Ад яе – радаводу пачатак.
(Паспрыяў, мо, таму і Адам).
Кожны з нас іх, тады ўжо, нашчадак,
А яны будуць прашчуры нам.
Вось прачнуўся Адам пэўным часам,
Не адчуўшы, што рэзаны бок,
Не заўважыўшы тых выкрунтасаў,
Што з любоўю зрабіў над ім Бог.
Прадчуванне штурхае, казыча,
Ногі ўперад нястрымна нясуць.
Падалося: яго нехта кліча,
Без яго, мо, там смачна ядуць.
І блукаючы так па Эдэме,
Ён да дрэва пазнання дайшоў,
А пад ім д’ябал хітры ўжо Еве
Яблык спелы, духмяны знайшоў.
Еву ўбачыўшы, бедны Адаме,
Розум страціў (калі яго меў),
Ды па Богам заданай праграме
Яблык кусь – і ў той час счырванеў.
Сорам грэху адчуў, як убачыў –
Перад ім прыгажосць ды краса,
А з адзення ў яе, ён адзначыў,
Абвілася да пятак каса.
Пагляддзеў на сябе - той жа сорам,
Які ў момант яго апаліў,
Стаў на векі нястрыманым горам.
І, як воўк, ён натужна завыў:
-Што ж ты, стары, стваральнік мой, Божа,
Не сказаў мне, што я не адзін.
Я з істотай такою прыгожай
Забаўляўся б ад першых гадзін.
Са смакоўніцы лісце схапіўшы,
Сам прыкрыўся і Еву прыкрыў,
Кіпцюры на пазногці пастрыгшы,
Разам з тым, бараду пагаліў.
Бог у тых завываннях Адама
Да сябе зноў знявагу пачуў,
І сказаў ён абодвум ім прама:
-Бачыць вас я ў раю не хачу!
На Зямлю! Памнажайце там роды,
Ды пакуты прымайце за грэх.
Над усёй жа зямною прыродай,
Так і быць, ваш няхай будзе верх.
І пайшлі нашы прашчуры грэшныя
Каб у поце свой хлеб здабываць,
Ды ў гады свае самыя лепшыя
Стала Ева дзяцей нараджаць.
Каін, Авель – імёны іх першых
Прадаўжальнікаў роду – сыноў…
Але ж зноў я кіруюся вершам
Да любові – кахання асноў.
Як Адам не стамляўся ад працы,
Дома з Еваю зноў працаваў.
Толькі ўжо не на той гаспадарцы –
Род людскі на зямлі памнажаў…
Ды пры гэтым (увага, мужчыны!)
Не кляпаў, быццам той аўтамат,
А прад Евай, каханай жанчынай,
Праспяваў ён не мала рулад.
Шчабятаў ён: “Мая ты каханка,
Не таму, што не бачыў другой,
Твая ўсмешка, як сонейка зранку,
Дорыць мне цеплыню, супакой.
Тварык твой, прыгажэй за ўсе кветкі,
Вусны – гэта солодкі нектар.
Я шчаслівы, што п’ю яго гэткі
Богам дадзены грэх – Божы дар!
Ад тваіх пацалункаў хмялею,
Не патрэбна мне нават віно,
Прад тваёй прыгажосцю я млею.
Мы з табою навечна – адно!
Твае рукі – лябёжыя крылы,
Як абдымуць, лячу да нябёс!
О, жанчына мая, мая міла,
Ты ўпрыгожыла дзікі мой лёс!
Ля тваіх я грудзей спачываю,
Ад саскоў чую пах малака,
З ім жыццё ад цябе, я сцвярджаю,
Па зямлі пацячэ, як рака.
Ды наперад загадваць не буду,
Бо імгненнем з табой даражу.
Мая Евачка, ты мая люба,
За цябе «дзякуй Богу» кажу”…
Мабыць нешта спяваў ён другое,
Падарункі, мо, з гэтым дарыў.
Да спадобы было Еве тое,
Што з Адама рабра Бог стварыў.
***
З той пары старажытнай, замшэлай,
Не злічыць колькі год адышло…
Ад нашчадкаў адных: “Слава Еве!”
Ад другіх – “То ж з Адама пайшло!”