Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Мікола Пасееў

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Да жанчын и да іх прыгажосці
Свой душэўны кірую парыў!..
Бог задумаў з хітрынкаю штосьці,
Калі Еву з Адама стварыў.

Жыў Адам з першых дзён невясёла,
Як лайдак толькі піў сабе, еў,
Ды хадзіў без парток – чыста голы,
Дзе-нідзе валасы толькі меў.

Спаць любіў ён на райскай прыродзе
(Добра з’еўшы, вядома заснеш!).
І Стваральнік рашыў на тым: “Годзе!
Абібокам, мой сынку, жывеш.

На сябе не звяртаеш увагі –
Бараду запусціў, кіпцюры.
Менш і мне ад цябе ўжо павагі –
Клічаш тату не Бог, а – стары!

Трэба чымсьці рашуча, грунтоўна,
Паўплываць на цябе, мой Адам.
Каб ты клопат спазнаў, мой шаноўны,
Я ж яго ад рабра табе дам”.

Разважаючы так адмыслова,
Покуль райскі сынок спачываў,
Той, што меў пачатковае Слова,
У Адама рабрыну вымаў.

І з бацькоўскай любоўю, натхнёна,
Стаў ён цуда ад цудаў ствараць
Ды зрабіў яго так пранікнёна –
Не хапае тых слоў расказаць.

Не было б тут залішне, магчыма,
І музыку да верша дадаць,
Каб пра Еву, пра першапрычыну,
Жаўруком, салаўём праспяваць!

Ад яе – радаводу пачатак.
(Паспрыяў, мо, таму і Адам).
Кожны з нас іх, тады ўжо, нашчадак,
А яны будуць прашчуры нам.

Вось прачнуўся Адам пэўным часам,
Не адчуўшы, што рэзаны бок,
Не заўважыўшы тых выкрунтасаў,
Што з любоўю зрабіў над ім Бог.

Прадчуванне штурхае, казыча,
Ногі ўперад нястрымна нясуць.
Падалося: яго нехта кліча,
Без яго, мо, там смачна ядуць.

І блукаючы так па Эдэме,
Ён да дрэва пазнання дайшоў,
А пад ім д’ябал хітры ўжо Еве
Яблык спелы, духмяны знайшоў.

Еву ўбачыўшы, бедны Адаме,
Розум страціў (калі яго меў),
Ды па Богам заданай праграме
Яблык кусь – і ў той час счырванеў.

Сорам грэху адчуў, як убачыў –
Перад ім прыгажосць ды краса,
А з адзення ў яе, ён адзначыў,
Абвілася да пятак каса.

Пагляддзеў на сябе - той жа сорам,
Які ў момант яго апаліў,
Стаў на векі нястрыманым горам.
І, як воўк, ён натужна завыў:

-Што ж ты, стары, стваральнік мой, Божа,
Не сказаў мне, што я не адзін.
Я з істотай такою прыгожай
Забаўляўся б ад першых гадзін.

Са смакоўніцы лісце схапіўшы,
Сам прыкрыўся і Еву прыкрыў,
Кіпцюры на пазногці пастрыгшы,
Разам з тым, бараду пагаліў.

Бог у тых завываннях Адама
Да сябе зноў знявагу пачуў,
І сказаў ён абодвум ім прама:
-Бачыць вас я ў раю не хачу!

На Зямлю! Памнажайце там роды,
Ды пакуты прымайце за грэх.
Над усёй жа зямною прыродай,
Так і быць, ваш няхай будзе верх.

І пайшлі нашы прашчуры грэшныя
Каб у поце свой хлеб здабываць,
Ды ў гады свае самыя лепшыя
Стала Ева дзяцей нараджаць.

Каін, Авель – імёны іх першых
Прадаўжальнікаў роду – сыноў…
Але ж зноў я кіруюся вершам
Да любові – кахання асноў.

Як Адам не стамляўся ад працы,
Дома з Еваю зноў працаваў.
Толькі ўжо не на той гаспадарцы –
Род людскі на зямлі памнажаў…

Ды пры гэтым (увага, мужчыны!)
Не кляпаў, быццам той аўтамат,
А прад Евай, каханай жанчынай,
Праспяваў ён не мала рулад.

Шчабятаў ён: “Мая ты каханка,
Не таму, што не бачыў другой,
Твая ўсмешка, як сонейка зранку,
Дорыць мне цеплыню, супакой.

Тварык твой, прыгажэй за ўсе кветкі,
Вусны – гэта солодкі нектар.
Я шчаслівы, што п’ю яго гэткі
Богам дадзены грэх – Божы дар!

Ад тваіх пацалункаў хмялею,
Не патрэбна мне нават віно,
Прад тваёй прыгажосцю я млею.
Мы з табою навечна – адно!

Твае рукі – лябёжыя крылы,
Як абдымуць, лячу да нябёс!
О, жанчына мая, мая міла,
Ты ўпрыгожыла дзікі мой лёс!

Ля тваіх я грудзей спачываю,
Ад саскоў чую пах малака,
З ім жыццё ад цябе, я сцвярджаю,
Па зямлі пацячэ, як рака.

Ды наперад загадваць не буду,
Бо імгненнем з табой даражу.
Мая Евачка, ты мая люба,
За цябе «дзякуй Богу» кажу”…

Мабыць нешта спяваў ён другое,
Падарункі, мо, з гэтым дарыў.
Да спадобы было Еве тое,
Што з Адама рабра Бог стварыў.
***
З той пары старажытнай, замшэлай,
Не злічыць колькі год адышло…
Ад нашчадкаў адных: “Слава Еве!”
Ад другіх – “То ж з Адама пайшло!”



Яшчэ не ацэнена

Чалавека Анёл апякае
З першых дзён да смяротнага ложа.
Пільна сочыць за ім, зберагае
Ад уздзеянняў д’ябла варожых.

У час розных жыццёвых нягодаў
Непрыкметна плячо падстаўляе,
Ці на рукі прымае лагодна
Покуль той чалавек ачуняе.

Сам не просіць падзякі за гэта.
Сціпла служыць магутнаму Богу,
І асноўнай кіруецца мэтай:
У свой час аказаць дапамогу.

Толькі людзі не ўсе заўважаюць
І адданасць, і клопат ягоны.
А бывае, як што, зневажаюць,
Пасылаюць папрокі, праклёны.

Пагалоску пачуў я аднойчы
Аб бязглуздым такім чалавеку,
Што задумаў на ўласныя вочы,
Яўна ўбачыць Анёла апеку.

Ды паколькі мажліва такое
Ад прастола з Высокіх нябёсаў,
Бог прыбраў яго хутка за тое
І адкрыў перад ім карту лёсу.

Там сляды паралельным пункцірам
Двух істот па зямлі адбівалісь.
Дзесьці побач, а дзесьці з адрывам,
Раптам параю ног пакідалісь.

І, як вехі, адмеціны – даты,
Менавіта нягодаў, іспытаў.
Па жыцці чалавек той упарты
Свае сілы з апекаю блытаў.

Ён святую анёльскую справу
Недаверам, паклёпам зняважыў,
Праз пагарду, сумлення атраву,
Яго клопат зусім не заўважыў.

Папрасіў грэшнік той недалёкі
Усявышняга, каб растлумачыў,
Разумець яму як замалёўкі,
Што па карце ён зараз убачыў?

-Вось тут, бачыш, было ў мяне гора,
З’еў пажар і маёмасць, і хату.
Дзе сляды ад святога Анёла?
Адляцеў бесцялесны, крылаты.

А ля гэтай адмеціны цудам
Я хваробу адолеў цяжкую.
Зноў мой след толькі кінуты цугам
І не бачым мы пару другую.

Я сам-на-сам з бядой заставаўся,
Шукаў выйсця на свет з цемры-ночы.
А святы апякун аддаляўся.
Глянь сюды, зноў адзін толькі крочу.

-Ну і што ты вярзеш мне такое?
Абурыўся Айцец наш нябесны,
Ты праз грэх бачыш толькі благое,
А не клопат Анёла пачэсны.

След не твой ланцужком непарыўным
Праз жыццё тваё ўсё пралягае,
А яго. Ад цябе неадрыўны,
Аб табе увесь час толькі дбае.

Ну, а там дзе сляды прападалі,
Ён цябе браў на ўласныя рукі,
І пакуль беды ўсе не міналі,
Засланяў, зберагаў ад пакуты.
*
Запавет ад Хрыста мы ўспрынялі,
Каб любілі найперш толькі Бога.
Мне шкада, што няма на скрыжалі
Чулых слоў да Анёла такога.



Сярэдняя: 5 (1 голас)

Вёсачка, вёска, любы мой кут.
Тут нарадзіўся, рос без пакут.
Клопат бацькоўскі песціў, сцярог.
Век не забыць мне родны парог.

Тут я з прыродай ў еднасці жыў,
Свет незнаёмы ў вёсцы адкрыў.
Коней на пашу ноччу вадзіў –
З вогнішчам побач шмат пачуў дзіў.

Шчыра, на веру, іх успрымаў:
Папараць-кветку ў лесе шукаў,
Знічкам пагаслым нешта крычаў.
Мабыць, ад іх свой лёс атрымаў?

Зачараваны быў зорак красой,
Россып збіраў іх з ранняй расой.
Смагаю здолены, лежачы ніц,
Піў тут вадзіцу з чыстых крыніц.
Сокі зямныя прагна ўбіраў,
Сіл набіраўся ды падрастаў.

Першым каханнем тут “захварэў”,
Ад пацалункаў першых хмялеў.
Першыя вершы з гэтым прыйшлі.
З часам згубіліся дзесьці ўдалі.

Блытаны потым выдаўся лёс,
Але ж да сёння ў сэрцы пранёс
Вёсачкі вобраз, дзе родны дом,
Дзе я калісьці рос хлапчуком.

Вёсачкай гэтай я ганаруся!
Вёскі – карэнні маёй Беларусі.
(Сам я - з Халопкавіч, я - з Белай Русі).



Яшчэ не ацэнена

Я калісьці піў, курыў,
Ды здароўем кічыўся,
Многа дзевак надурыў,
Але ж сёння сцішыўся.

А лічыў, што маладым
Буду жыць да старасці.
Эх, гады мае, гады,
Дайце яшчэ радасці.

Раньш чачотку адбіваў -
Аж падлога гнулася,
Ля дзяўчат калі скакаў -
Мой пінжак віхурыўся.

Спадзяваўся, маладым
Буду жыць да старасці.
Эх, гады мае, гады,
Дайце яшчэ радасці.

Зараз – колікі ў баку,
Ды хандроз па костачках.
Няўжо больш мне на вяку
Не хадзіць па ўдовачках?

А як добра маладым
Жыць было б да старасці.
Эх, гады мае, гады,
Дайце яшчэ радасці.

Па жыцці за мною ўслед
Ужо ўнукі тупаюць
Ды завуць мяне ня дзед,
А дзядусем гукаюць.

Гэта значыць, маладым
Трэба жыць да старасці,
І наступныя гады
Дадуць яшчэ радасці!