Адкрываюся зрэдку сябру,
Захлынаюся маналогам:
«Я – не з кволых, я – вельмі храбры,
I наперадзе ўся дарога».
Ну а потым – ізноў засумую,
А душа – як пад ветрам хваля,
Бо раптоўна нутром адчую:
«Маладзейшыя абагналі!»
«Гэта ўсё, мне павер, адносна, –
Суцяшае знаёмы голас, –
I нічога яшчэ не позна –
Цяжка спее
і жытні колас».