Быт — ён упарты, як бык,
Ілбом у сцяну ўвапрэцца, —
Глядзіш, і застыў, і абвык,
I некуды болей падзецца.
А маеш чатыры сцяны,
То можаш мяняць раз за разам,
I пойдуць штомесяц яны
Па крузе, як месяца фазы...
Паўзе аднастайнасці воз,
Уласным гарбом прыдбаны:
На службе ёсць бос, і дома ёсць бос,
I трэці — з блакітным экранам.
Ні спрэчак былых — хто лявей, хто правей,
Ні слёз, ні эмоцый адмоўных.
I ўжо галасісты былы салавей
Спявае табе галаслоўна.
Прачнецца душа,— як сабака, праз глуш
На пятую квадру галосіць.
А месяц нязменна, як верны муж, —
То лысы, то раганосец...
Апошняе будзе вар’яцтва —
Апошняя з інквізіцый.
Жахнуцца вякі-панятыя,
Як заўтра згараць шляхі ўсе,
I паміраць будуць тыя,
Хто сёння не нарадзіўся.