Ад суму і галечы
Гасцінец нецяжкі.
Труну ўзвядуць на плечы
Чатыры мужыкі.
Ні марнага народа,
Ні крывадушных бруй.
– Даруй, – шапне прырода.
Адказ: – I ты даруй.
I паплывуць насілкі
Над кроплямі расы,
I трэск сенакасілкі
Заглушыць галасы.
Ёсць неба, сінь і вецер
Над селішчам пустым.
I ўцешна ўсё на свеце –
На гэтым і на тым.