Клаўдзія Пракула –
жонка Понція Пілата.
З грудоў халоднай вільгаццю падзьмула.
У каліце – падаткаў небагата.
Лютуе зранку Клаўдзія Пракула –
Не лепшы дзень у вершніка Пілата.
Чым Рым далей, тым меншае кар’ера.
Яшчэ ледзь-ледзь – і знікнеш за дзвярыма...
I небасхіл павіс камлыгай шэрай
Над катавальняй Ерушалаіма.
Ён проста сімвал, безыменны нехта,
Арэчаўлены відарыс ідэі,
Надзелены пасадаю прэфекта
Пыхлівай і раз’юшанай Iўдзеі.
Што ні загад – то рык і забарона,
I што ні дзень – усяк тут можа здацца...
Не пасці б у вачах Сінедрыёна
I дваццаці напаўвар’яцкіх старцаў!
Ах, толькі б лівень не пранёсся міма
I рынуў на палацы, плошчы, шулы!..
Служаку імператарскага Рыма
Адвечна будзе сніцца дзень мінулы:
Прысуда шматпакутнага пара і
Спацелыя ды вымытыя рукі;
Рахманы зрок палоннага Назраі,
Які прадбачыць будучыя мукі...