Празрыстай адзіноты краявід –
Ён быў да нас і будзе ён заўсёды:
Блакіт нябёс і пушчы аксаміт,
Буслы, вясёлкі, зорак карагоды.
Збянтэжаныя постаці бяроз
Саромяцца, як дзеўкі на Купалле.
Пяе салоўка – спеваў віртуоз,
Дапамагае рэха запявале…
Крыштальны бляск зіхоткіх, ясных рос
І восеньская стомленая слота,
І лес, дзе ў самы лютаўскі мароз
Звініць дубоў каляная лістота…
Хай недзе горы, сакуры цвітуць
І вабяць вока акіянаў хвалі,
Але мяне дамоў заўжды завуць
Ільноў блакіт, засмужаныя далі.
Пяюць і суахілі, і санскрыт.
Закон жыцця на ўсёй Зямлі агульны:
Стварае мову родны краявід –
Адзіны ў свеце, любы, мілы, ўтульны!
1999