Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Георгій Ліхтаровіч

Сярэдняя: 3.7 (11 галасоў)

...І Бог сказаў: “Я пакараю!
Анёлам райскі сад аддам”...
– Ну добра! Еву забіраю... –
У рыфму адказаў Адам.



Сярэдняя: 4 (4 галасоў)

Над Нёманам блукаю ў наваколлі –
У прыцемку па стомленых палях.
З гасцінца збочыў і цяпер ніколі,
Здаецца, не патраплю я на шлях.

Ды раптам бачу: кволенькі праменьчык
Бліснуў і знік, і запаліўся зноў.
Не электрычны, а жывы агеньчык,
Што робіць блізкім доўгі шлях дамоў.

Пад’еду і спытаюся дарогу.
І стомленасць звалілася з павек:
Канец маім блуканням, дзякуй Богу.
Дзе ёсць агеньчык – там і чалавек.

Напэўна, для вячэры стол накрыты:
Паруе бульба,
Пеніць сырадой.
А можа, на кілішак добрай жытняй
Запросяць? –
Застануся на пастой.

На досвітку прачнуся – і ў дарогу,
Папіўшы малачка пад жытні хлеб,
З падзякаю гасціннасці і Богу.
Бог дазваляе,
Робіць – чалавек!

Бліжэй пад’ехаў.
Нешта смутна, цёмна.
Сцяжынка быльнягамі парасла.
Але наперад моўчкі гоніць стома
Да веснічак – зламанага крыла…

І варухнулася ля сэрца скруха.
Усё, няма цяпер хады назад.
Здзічэлы сад раскінуў голле глуха:
Гаротная галеча, заняпад.

Буслянка стылая над цёмнай хатай.
Чароты сходзяць ніцай чарадой
Да сажалкі, што прымаразкам сцята
Люстэркавай празрыстаю слюдой.

Каля хлява ў галлі скалелі колы.
Схіліўся плот пакорна, як жабрак.
Вуллі згнілі – зляцелі ўпрочкі пчолы.
Куды патрапіў сёння я няўзнак?..

Засыпаны іржаваю лістотай,
Асірацелы без снапоў рубель.
Жывой бездапаможнаю істотай
Ля студні пахіліўся журавель.

У студні, паміж хлуду, кволы ветах
Тапельцам ціха скаліцца з вады…
Буслы не абяцаюць новых дзетак.
Спусцелі гнёзды – гэта знак бяды.

Калісьці тут жылі –
Кахалі, дбалі.
Ў калысках калыхалі немаўлят,
Пяшчоты казак дзеткам выдумлялі…
Была патрэба –
Цяжка працавалі:
Зямлю аралі,
Коней зацуглялі,
Палотны ткалі,
З борці мёду бралі,
Цудоўны посуд з гліны выраблялі…
Без напаміну ў жніўні жыта жалі,
Бо на зямлі бацькоўскай шчыравалі.
Свядома лёс уласны будавалі –
Чужынскай не скараліся навале.
На Радаўніцу продкаў шанавалі.
Буслоў чакалі і гасцей віталі.
Бывала, што і чарку выпівалі,
І ўпокат спалі ўсе на сенавале.
А песні…
Што за песні тут спявалі!
Узімку на Каляды,
На Купалле,
Калі вянкі дзявочыя сплывалі
У велічныя нёманскія хвалі…
Надзеі тут ніколі не гублялі!
А зараз –
Безнадзейны заняпад.

Пабіты шыбы, выламаны дзверы.
Кульгавы стол – нагамі дагары…
Жахліва ўсё.
Ніколі не паверу,
Што так зрабіць маглі гаспадары.

Нібыта ў пекла зеўраюць масніцы.
У павуціннай роспачы пакой.
Гарыць агніца ля пустой бажніцы,
Зацепленая прывіднай рукой.

Цяжар на сэрцы і жалобны смутак.
Гаркавы, як пажар, палынны пах.
Сыходзіць у нябыт заможны хутар.
Ад пусткі, як ад чорных лядаў, – жах!

На бэзе шэрань – сівізна на скронях.
Нябожчык ціха спіць.
У вечным сне
Спыніліся руплівыя далоні
Ў дуброве, бы ў дубовай той труне.

Над Нёманам і гоману не чутна.
Не ў сціртах жыта,
Жыта – у снапах.
За што і кім забіты ўтульны хутар?
Губляецца Радзіма па складах.

Так і незбудаваным новым ладам,
Яго ганебным, здрадніцкім загадам
І зайздрасцю жыццё звялося ў дым…
Тады навошта цепліцца лампада
Ў бязладнасці агеньчыкам жывым?

Рукой не ўзняць.
Спіною не падперці.
Не адрадзіць знямелае жытло.
Няўжо і гэткі сорам Божа сцерпіць?!
Гарыць дакорам у начы святло…

1997



Сярэдняя: 3.7 (6 галасоў)

Гартаю толькі я, пакуль,
У адзіноце ўласны сшытак.
Лічу – адзіны мой пажытак,
Майго сумлення цяжкі куль.

Нікім не чытаны дасюль,
Збірае ён радкі і словы –
Мае сумненні і высновы…
Шматкроп’і – дзірачкі ад куль.

Я веру шчодрасці зязюль –
Гудуць гультайствы, гульні, гулі…
Ды не гуляю, як ні гнулі,
На нічыю з жыццём, на нуль.

Стырно алоўка – нібы руль,
Але дарма – радок, як вершнік:
Кладуцца на паперу вершы,
Я сам не ведаю адкуль.

Радок – адтуліна Адтуль?
Пягаса выбрык выпадковы?
Магчымы след яго падковы
Я не схаваю, як куркуль,

Бо не з паэтаў-капрызуль,
І ўсё аддам вам на спажытак:
Няхай агульным стане сшытак,
Які прыватным быў датуль…

P.S.
Каб не сурочыць, у бабуль,
Была парада для матулі –
Паказваць немаўляці дулі,
Калі пачулі "гулі-гуль"…

2000/2002



Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

Ад ранку нехта шчодрай жменяй
Раскідаў пацеркі ў лясах.
Зіхціць вясёлкамі праменне
На павуцінных кутасах.

З палону соннае ляноты,
Нібыта кропелькі расы,
Ляцяць да наваколля ноты –
Нябачных птушак галасы.

І ты ідзеш па лузе росным
Насустрач сонейку і дню…
Мой успамін, анёлак босы!
Усё калісьці ўпершыню…

Спрыяў спатканню нашай цноты
Світанак – яснакрылы птах.
Яго дзівосныя клейноты
Ў тваіх ярчэлі валасах.

І ўсмешка ранішняй лагодай
На вуснах кветкаю цвіла…
З якой нагоды ўзнагародай
Ты ў маладосці мне была?

Ад летуценнай блытаніны
На сэрцы зноў вясна цвіце.
Дрыжаць расінкамі ўспаміны
На арабінавым лісце.

Я не шукаю паратунку,
Імкнуся матылём к агню…
Ласункі першых пацалункаў,
Калі я вас яшчэ сасню?

2001