Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Афарызмы 2

Сярэдняя: 3.6 (12 галасоў)

***
Ад прадзедаў спакон вякоў
Не стала меней мудакоў.

***
Трэба дома бываць часцей,
Будзе выраз на твары прасцей.

***
З легендаў і казак былых пакаленняў
Дагэтуль не маем другіх дасягненняў.

***
Касіў Ясь канюшыну,
Патушыўшы лучыну.

***
Быў час, быў век, была эпоха,
Цяпер жа ўсе разводзяць лоха.

***
Бог забаўляецца з намі,
Жарт у Яго не пусты,
Быццам лістоўкі рэкламы,
Шле надзвычайныя сны.

***
Хіба пакідаюць край любімы,
Не стрываўшы роспачнага зла?
Чалавек далёкі ад Радзімы –
Птушка адляцеўшая з гнязда.

***
Тут цяпер паўсюль ідыятызм,
Толькі ён па-рознаму завецца,
То антаганізм, то шавінізм,
Гледзячы, на кім паспеў прыгрэцца.

***
Лёгка пажылому
Шчасцейка знайсці,
Радасна жывому
З кладбішча ісці.

***
Запал не прадугледзеў верных слоў,
Размова паляцела не ў кантэксце,
Як часта сярод статусных чыноў
Упартасць кажа нам аб інтэлекце.

***
Тут толькі пацёртыя швабры,
Тушыце свае кандэлябры.

***
У час таталітарнае свабоды
Адкрылася хто блізкі быў каму,
Ядналіся маральныя уроды,
Сумленныя былі пааднаму.

***
Што ж гэта зрабілася?
Новага не просім,
Нам прыносіць час
Болей, чым выносім.

***
Ці застацца навек маладым,
Ці насмешлівым быць, ці сур’ёзным?
Так, жывём мы пад небам адным,
Гарызонт жа у кожнага розны.

***
Вечна чуецца ныццё,
Справы не да ладу,
Пражывай цяпер жыццё,
Не рабі адкладу!

***
Можа быць творы б вялікія
Сталі ў мазгу нараджацца,
Каб са штодзённасцю дзікаю
Мне не прыйшлося ўжывацца.

***
Павольны парадак густы
Клапоціцца спраўна пра нас,
Актыўнасць – занятак пусты,
І марна растрачаны час.

***
Стагоддзямі ідзе ўсё тое ж племя дзікае,
Ні песьняй, ні мальбой нікога не суняць,
Вялікая душа, як вогнішча вялікае,
Сярод глухой начы усім здалёк відаць.

***
А калі дасягнеш мэты
І пажнеш яе плады,
Промнем яснасці сагрэты,
Зразумееш, сродак – ты.

***
Цвёрдая пазіцыя
Сведчыць нам усім,
Што мазгоў кандыцыя
Мяккая зусім.

***
Кароль вялікасцю дзяржавы
Шукае гонару і славы,
Хоць трон высока зіхаціць,
Ды задніца на ім сядзіць.

***
Колькі грошай прыбірае
Скупердзяй і сталоп,
Аднаго не ўспамінае –
Без кішэняў будзе гроб.
***
Саграшы на гэтым свеце,
Можа лепей стане жыць,
Бо, па векавой прыкмеце,
Там ужо не саграшыць.

***
Людзі, быццам бульба тая,
Хто куды скаціўся,
Нехта хітра падгнівае,
Нехта пахрасціўся.

***
Хочаш, каб твае труды
Ацанілі людзі?
Ляж у гробік і памры,
Бо інакш не будзе.

***
Рвуцца людзі з цёмнай клеткі
Да ўсяго лаяльныя,
Для свабоды толькі сеткі,
Сеткі сацыяльныя.

***
Ева кінулась імкліва
На Адамаву любоў,
І успомніў Бог жахліва:
Рэбры – косці без мазгоў.

***
Часта ворагі знікаюць
У паганай барацьбе
Бо прасцейшага не знаюць:
Злыдзень – вораг і сабе.

***
Як жыццё закруціць шквалам,
Ты за ісціну бяры:
У каго сяброў навалам,
Тыя - самі не сябры.
***
Кажуць, лёгка раскруціцца,
Даравітасць праявіць,
Мала геніем радзіцца,
Трэба у сталіцы жыць.

***
Вечнасці рака
Князя абмывае,
Моцная рука
Чыстай не бывае.

***
Якія цудоўныя людзі
Парой гаварылі пра нас,
Не думайце, вечна не будзем,
Жыццё выдаецца на час.

***
Нялёгкі груз – дарункі Бога,
Прыносяць зайздрасць злых вачэй,
За талент судзяць вельмі строга,
Бяздарнасці пражыць лягчэй.

***
Як прыходзіць страх вялікі
І дубы ламаюцца,
Павярнуўшы свае лікі,
Ворагі яднаюцца.

***
Талент засыхае ў шуме-тлуме,
Не выносіць гучнай пустыні,
А бяздарнасць не шукае думы,
Сярод гуляў пляшуць яе дні.

***
Зноў бяздарнасць разбітная
Сто сяброў вядзе сваіх,
Талент па жыцці збірае
Толькі ворагаў адных.
***
Трывіяльныя прыёмы
Прыпадносяць нам пахабнасць.
Лепей геній невядомы,
Чым славутая бяздарнасць.

***
Маэстра пісаў геніяльна,
Бо так яму вызначыў Бог,
Ды толькі, сказаць літаральна,
Ніяк ён прадацца не мог.

***
Божае натхнёнае дзівацтва –
Ліры, флейты, арфы, клавесін,
Ах якое тонкае мастацтва!
І заробак тоненькі зусім.

***
Хоць вучыліся, ды ўсё ж
Прынялі без руху
Калектыўны злы смярдзёж
За адзінства духу.

***
Пакручасты лёс пляце
Павуціны парныя -
Што не ворагі твае,
То сябры каварныя.

***
Як часта на свет
Мы слепа глядзім,
Сяброўства – дуэт,
Дзе спявае адзін.

***
У сэрцы носім раны да пары,
За погляд, слова рэзкае, памылку,
Як часта пакідаюць нас сябры,
А ворагі збіраюцца ў капілку.
***
Пакуль дабрыні
І зла не пазналі,
Ўсе людзі браты,
Як Каін і Авель.

***
Не паняць, не змерыць
Скупасці прыроду,
Золата праверыць
Чалавека пробу.

***
Глядзіце за сабой,
У гэтым і загадка ўся,
Не вельмі хітры той,
Хто хітрасцю праславіўся.

***
І адкуль бярэцца
Аксіёма злая,
Покуль хітры б’ецца,
Мудры саступае.

***
З ваеннымі не раз я сустракаўся,
Таму засвоіў ісціну адну –
Ў якую б форму ты не апранаўся,
Фуражка дэфармуе галаву.

***
Сёння, як ніколі, дурасць зборная
Лезе ў неразумны нізкі лоб,
Кожная асоба непаўторная
Ў калектыўны верыць гараскоп.

***
Дзікі натоўп нішчыць вершы,
Камні магільныя б’е,
Большая частка над лепшай
Зноў перавагу бярэ.
***
Мне салодкае віно,
А яму сухое,
Дык чаму ж, усё адно,
П’янае такое?

***
І куды наш век ляціць,
Захварэць ізноў прычына,
А, калі захочаш жыць,
То бяссільна медыцына.

***
З пагардай часта паглядаем,
Штодзень з надменнасцю ідзём,
Парады кроплямі прымаем
І вёдрамі іх раздаём.

***
Рэзка падае настрой,
Ўсе наўкола вінаваты,
Плюнь на іх і будзь сабой,
Ролі іншыя заняты.

***
Аж да роспачнай бяды
Мяне думка страшыла –
Не прабіць глухой сцяны
Інтэлекту вашага.

***
Часам, каб заняць высокі пост,
Перажыць ліхое давядзецца,
Бо усё часцей кар’ерны рост
Шляхам палавым перадаецца.

***
Учора днём з адной прахожай
Мяне дарожанька звяла,
Яна была такой прыгожай,
Што быць разумнай не магла.
***
З кім сягоння ў ЗАГС ідзеш,
З тым і ночку правядзеш.

***
Шукаем дарагіх,
Прыгожых разглядаем
А сустракаем тых,
Каго ужо чакаем.

***
Інтэлект ляціць пралётам,
Не паклічаш наўздагон,
Калі спорыш з ідыётам,
Так жа сама робіць ён.

***
- Усё у мяне добра!-
Даводзіць сябар мой,
- Пад сэрцам ные хорда
І радасны настрой!

***
Баха і Моцарта знаю,
Вельмі любілі наліць,
Вось я цябе і пытаю:
Хто ты такі, каб не піць?

***
У салёнай расе
Нельга вочы памыць,
Калі быць, як усе,
Для чаго тады быць?

***
Хіба можа сэрца чакаць,
Калі адышло спадзяванне?
Не трэба мінулага зваць,
Сустрэча – пачатак растання.

***
Сёння ізноў невясёлы,
Зноў вінавачу сябе,
Помню разумныя словы:
Здраджваюць толькі свае.

***
Інстытуцкія дыпломы
Прадаюцца ўсё часцей,
Як казаў адзін знаёмы:
Дурні сталі багацей.

***
Крылы і турбіны адваліліся,
І хаця наўдалы быў палёт,
Дружна ў самалёце памаліліся
Пастар, ксёндз, мула, равін і поп.

***
Слухаю сяброўскую бяседу,
Ад душы мяне ушанавалі,
Сёння, акурат пасля абеду,
Непрызнаным геніем прызналі.

***
Жонка ад разрухі вые,
А мужык сядзіць паважна,
Калі рукі залатыя,
То адкуль растуць – не важна.

***
Зарплата крывіць сваю рожу,
Да ніткі сцёрлась паліто,
Пакрыўдзіць творцу кожны можа,
А даць капеечку – ніхто.

***
Зноў сягоння маўчыць тэлефон,
Ад таго невыцерпна паскудна,
Выдаляеш дзясятак імён,
Там глядзіш – і не так ужо нудна.
***
Дзіка фюзеляж трашчыць,
Крылы адрывае,
Нема атэіст крычыць,
Бога прызывае.

***
Не рабі паспешнага прызнання,
Хай плыве павольна час густы,
Хто не зразумеў твайго маўчання,
Для таго і словы – гук пусты.

***
Разглядаю, вочы плачуць,
Падыходжу ўсё бліжэй,
Для таго, каб добра бачыць,
Часам трэба стаць далей.

***
Колькі маем няпраўды пустой,
Да зямлі душы бедныя клоняцца,
А праўдзіва цябе любіць той,
Хто за дзень твой таемна памоліцца.

***
Мы думкамі сусвет ужо аббегалі,
Ды ўсё шукаем новых тэмаў дня,
Каб гаварылі толькі то, што ведалі,
Якая б наступіла цішыня.

***
Пад натоўпу язычніцкі стогн
Намагаюся чыста спяваць,
Запаветны ратуе закон:
Мэта музыкі – сэрцы кранаць.

***
Калі добры чалавек,
То з усімі ладзіць,
А як з ліку недарэк,
То й сабе нагадзіць.
***
Не гуляў, не валачыўся,
Не курыў, віна не піў,
А як толькі ажаніўся,
Так налева і паплыў.

***
Прыгадаю смутак дзён былых,
Ці то сон, ці з кнігі даўняй казка,
Мёртвых не пускаюць да жывых,
А жывых да мёртвых – калі ласка.

***
Страўнік ежу паглынае,
Калі што не так – назад,
Галава ж твая дурная
Спажывае ўсё падрад!

***
Прыехаў мецэнат,
Паслухаў, паглядзеў,
Сказаў, што не фармат
І ў неба паляцеў.

***
Мілая мая гіпертанія,
Што ж ты не Наталля, не Марыя.

***
Стужка жыцця пралятае над намі,
Хто па-за ёй, таму вечная памяць,
Хто перад ёй, бачыць сны небыцця,
Роўна пад стужкай крыніца жыцця.



Самавіта

Самавіта

вельмi трапна. жывы розум ды

вельмi трапна. жывы розум ды востры язык у наш час усе большая рэдкасць. дзякуй!