Здалося, што нябёсы пабялелі,
Расцёкся боль чырвонай паласою
І лёсу недасяжныя арэлі
Спыніліся над вечнасці ракою.
А побач – пылам засціцца дарога,
Спяваюць птушкі і смяюцца дзеці.
І быццам не змянілася нічога
На гэтай абыякавай планеце.
Усё, як і раней, у наваколлі…
Ды памяці людской агмень нязгасны
Сілкуе душы тых, хто мімаволі
Зляцеў у вырай. Найчасцей заўчасна.