Ты з жахам, Марыя,
праз слёзы кусаеш кулак.
Датлеў каганец.
Немаўля – у саломе, і холад.
I п’яненькі муж –
крывабокі, замораны волат –
Шпурляецца словамі,
быццам раз’юшаны грак:
– Мо думаеш, веру
юрлівай тваёй балбатні?
Навошта Егове
такая дурная нявеста?
Я з гэтага часу
не знойду спакойнага месца!
Ты с кім загуляла?
Хоць літаркай мне намякні!
Нашто вешчуны?
Ці бракуе тут сведкаў граху?
Сустрэць вешчуна –
гэта вельмі благая прыкмета.
О, як я сумую
па шэрых грудах Назарэта,
Дзе стол мой і дах,
і куды я не маю шляху!
Згары, Віфлеем!
Стань здабычаю для гругання!
Ты шлёндра, Марыя,
блудніца, блудніца, блудніца!
Няхай пакарае
цябе Элахіма правіца,
Ды толькі раней
пакарае правіца мая!
Утрох вешчуны,
прадвяшчаючы судныя дні,
Стаялі над яслямі,
ссунуўшы хмурныя твары.
Iосіф заходзіўся
лямантам, як на пажары,
I ў крыках вярзлося
далёкае рэха: – Распні!