Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

АНЁЛАК

Сярэдняя: 5 (4 галасоў)

(калыханка)

Княжыч цішай дыхае зямною,
Дрэмле пушча, росіцца стажарам.
З краю беспадступнага анёлак
Да твайго ўзгалоўя прылятае.

Прынясе пад пахай сон патольны,
Цудаў назьбіраўшы ўсьцяж дарог,
Толькі ты ня ўбачыш, як з далоні
Ён распарушыць срэбны іх пылок.

Да бабуліных калішніх казак
Дадасьць фарбаў новых, прыгажэйшых.
І нікому болей не дазнацца,
Што табе скрозь ноч ён зараз шэпча,

Што ў куткох самжоных стомай вочак
Не спытаў, настоіў па сьлязе,
Каб сплыла, растала каб упрочкі
Крыўда за няўважлівых людзей –

Ад бяды і чорнай паняверкі
Твой спачынак пільна сьцеражэ,
Узмахам лёгкім маладых скрыдэлцаў
Адагнаўшы ліха ад дзьвярэй.

Спраўна ахіне няўкрыты плечык
Ласкаю абдоймаў цеплыні,
Зь любасьцю расчэша на дасьвецьці
Перад разьвітаньнем валасы.

Зь першым промнем ты пакінеш ложак,
А калі цьвіркун наладзіць смык
З краю беспадступнага анёлак
Да твайго ўзгалоўя прыляціць.