Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Зьміцер Захарэвіч

Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

Ценем самотным у чоўне
У фасфарычным мігценьні сьвятла
Між аблокаў начное роўнядзі
Нетаропка яна плыла.

Немата над дзявочаю постацьцю –
Сьпяць барочныя вежы званіц,
Нават сьціхлі літаньні воўчыя
У разьверзнутай вышыні.

У тумане, бы ўбраная ў вэлюм,
Разразала ракі абсяг.
Зь берагоў вербаў лісьце трымценьнем
Ейны суправаджала шлях.

Усьміхаўся ветла ёй ветах
І лашчыў смоль валасоў,
Наслаўшы на выпадковых сьведкаў
Амарокі глыбокі сон.

А калі зоры першыя згасьлі,
Каб пагалоска ў нябыт адыйшла,
Растала бяз сьледу на захадзе,
Але ўночы ізноў паплыла.



Сярэдняя: 5 (4 галасоў)

(калыханка)

Княжыч цішай дыхае зямною,
Дрэмле пушча, росіцца стажарам.
З краю беспадступнага анёлак
Да твайго ўзгалоўя прылятае.

Прынясе пад пахай сон патольны,
Цудаў назьбіраўшы ўсьцяж дарог,
Толькі ты ня ўбачыш, як з далоні
Ён распарушыць срэбны іх пылок.

Да бабуліных калішніх казак
Дадасьць фарбаў новых, прыгажэйшых.
І нікому болей не дазнацца,
Што табе скрозь ноч ён зараз шэпча,

Што ў куткох самжоных стомай вочак
Не спытаў, настоіў па сьлязе,
Каб сплыла, растала каб упрочкі
Крыўда за няўважлівых людзей –

Ад бяды і чорнай паняверкі
Твой спачынак пільна сьцеражэ,
Узмахам лёгкім маладых скрыдэлцаў
Адагнаўшы ліха ад дзьвярэй.

Спраўна ахіне няўкрыты плечык
Ласкаю абдоймаў цеплыні,
Зь любасьцю расчэша на дасьвецьці
Перад разьвітаньнем валасы.

Зь першым промнем ты пакінеш ложак,
А калі цьвіркун наладзіць смык
З краю беспадступнага анёлак
Да твайго ўзгалоўя прыляціць.



Сярэдняя: 3.5 (4 галасоў)

Будуць доўга ўлашчваць і тлумачыць,
Рай зямны – чарэўны – абяцаць,
Не маніся абхітрыць Пілата –
Грошы задарма ў яго прыдбаць.

Гарам пойдуць глумныя надзеі,
Закуюць запясткі ў кайданы
І сівыя сонмы фарысеяў
Дабрадзействам назавуць грахі.

Агаломшаны казаньнямі аблуднымі,
Не патрапіш іх намераў разгадаць,
Кубак поўны здрадаю атрутнай
Вып’еш з красамоўцамі да дна.

А на ранку, калі роспачу агорне
Сорам надалей таптаць зямлю,
Сам пачнеш вязаць сабе са шворкі –
Як падасца, ратавальную – пятлю.

Будуць доўга ўлашчваць і тлумачыць,
Рай зямны – чарэўны – абяцаць,
Не маніся ж абхітрыць Пілата –
Грошы задарма ў яго прыдбаць.



Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Не спытаецца і не запозьніцца,
Праз сівы цыгарэтаў дым
Прыйдзе госьцяй апрыклай бяссоньніца
З позіркам непазбыўна тваім.

Толькі трохі прымружыць мне вочы,
Каб паўсталі, на яве нібы,
Плыўкіх рухаў мядовы мосенж
І чарнявыя ў смоль валасы.

Ахіне пладоў высьпелых пахамі
Недасяжных, вясёлкавых тропікаў,
Каб глыбей адбіліся ў памяці
Зыркіх радасьцяў дні кароткія.

Кругам пойдзе няўзнак галава,
Як апоеная любізьнічку кроплямі,
Будзе што падліваць яна,
Тая з вытачаным промнямі профілем.

А за вокнамі змрок. Ні душы.
З-за пляча адно месяц цікуе,
Як відзежы бяссоннай начы
Белы аркуш радкамі люструе…

Не спытаецца і не запозьніцца,
Праз сівы цыгарэтаў дым
Прыйдзе госьцяй апрыклай бяссоньніца
З позіркам непазбыўна тваім.