Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Анямела Слова маё, не дыхае...

Сярэдняя: 5 (1 голас)

* * *
Анямела Слова маё, не дыхае...
Чорнай ночкаю крану яго ціха я:
— Прачынайся, маё птушанятка бяскрылае,
пойдзем у цёмны лес да Вялікай Мацеры –
праз гушчар, праз твань у самае лона,
да самога сэрца Вялікай Мацеры.
Там Яна, святарная, уссядае
на купіне балотнай пасярод вады.
Захіну цябе, нямоглае маё, у сваю душу,
паплывём праз твань ды праз цёмную ноч,
у якой толькі — пугачы ды птахі начныя.
Выплывем да купіны той святой,
цябе з душы сваёй уначэлай выму,
пакладу да ног Вялікай Мацеры.
“Матухна! Прымі, ацалі!
Падары крылы новыя, прыўкрасныя,
ды чароўныя, ды моцныя,
узнаві голас для спеваў нечуваных...”
Зварухнецца Вялікая Мацера ды заплача:
“Ах вы мае дзеткі! Ах вы мае гаротнічкі!
Чым жа я вас так угнявіла,
што вы пакінулі мяне адну
самотную на выспе балотнай пасярод твані?
Хіба я вас не расціла, не любіла,
песні вам не спявала, вас не вучыла спяваць?
Шмат я вас радзіла,
а цяпер па аднаму прыходзіце,
просіце: “Памажы!” А што я зраблю?
Грудзі мае пустыя, усё дзеткі выпілі
ды пайшлі па свеце атруту шукаць,
свой голас губляць…
Ідзіце, нягодныя,
каб вочы мае вас не бачылі!..”
І зноў заплача...

Ідзі тады, птушанё маё бяскрылае,
выпі адну слязу Вялікае Мацеры,
а другую я вып’ю.
Панясу цябе я дадому,
пакладу ў калыску,
праспяваю апошнюю калыханку...

Заснём абое —
з салёна-горкім прысмакам у роце.