Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Араты

Сярэдняя: 4.5 (13 галасоў)

Калі на досвітку віднець
Распачынаў абшар спрасоння:
– Хлеб наш насущный даждь нам днесь,
Хлеб наш штодзённы дай нам сёння, –

Шаптаўся з дэрашам старым
Такі ж сівы як лунь араты,
Яго за кантаровы рым
З хлява выводзячы праз краты.

На небе зоркі ўразнабой
Згасалі ў немачы ганебнай,
I конь шаўковаю губой
Кранаў шаўковы мякіш хлебны.

Быў трапна звостраны адвал
Траха што зношанага плуга,
Які багата год трываў
Неверагодную напругу,

Мажджэрачы за глыжам глыж
Ды раскавельваючы гоні.
I дэраш, як хрысцільны крыж,
Пялегаваў матуз супоні.

– Хлеб наш насущный даждь нам днесь,
Хлеб наш штодзённы дай нам сёння, –
Зямля чакала прагна ўвесь
Сашнік у стомленае ўлонне.

З усхода сонечны прыпар
Каціўся бабінага лета,
I парай параваў папар,
Што малако з грудзей кабеты.

– Дай Бог! – і з Богам хлебароб
Удвух пабраўся за дзяржанні,
Пакуль зімовы чарнатроп
Марудзіў час на пад’язджанні.

Як цяжкі крыж, цягнуўся плуг,
Барозны складваючы ў строфы.
Штодзённы плён сялянскіх рук
Быў выкупленнем ад Галгофы,

Бо зерне ў чэраве зямлі,
З пагардай стаўшыся да тлення,
Вясной паўстане на раллі,
Як руневае пакаленне.

Пачнуць сцябліны каласоў
Трымцець расчуленаю хваляй,
Што з незапамятных часоў
Шматструннем арфы арфавалі…

Араты з дэрашам брылі,
Пераадольваючы глебу,
На іх блакітныя брылі
Надзеў намёт шклянога неба.

Яму ж вядома ўсё было,
Што гэта ворыва – не справа,
А хрэсны ход праз жарало,
Праз вузкі мосцік над расплавам;

Што конь з аратым спакваля
Адны трымаюць ношу гэту
Пад сціплым іменем Зямля
Над хіжай безданню сусвету.