Багі шкла
Майстрам ААТ “Шклозавод “Нёман” прысвячаецца
Ля гарачай печы-гуты
год за годам, год за годам
робіць безупынна цуды
бог шкла – майстар шклозавода.
Ён працуе неўтаймоўна
(і адкуль бяруцца сілы?!):
у рабоце гэтай момант
упусціў – і шкло застыла.
Выдзімаецца праз трубку
выраб – “бурбалка” шкляная.
Ні памалу, ні таропка
“бурбалка” не адлятае.
Майстар вырабляе, бачыць:
нібы ў сне, нібыта ў казцы,
шарык-сонейка гарачы
набывае рысы вазы.
Шкло нажніцы разразаюць,
ахалоджвае вадзіца…
Тут майстры ператвараюць
“сонейкі” ў шкляное дзіва.
З крышталём, са шклом ля гуты
блізкае сяброўства водзяць
ды нястомна робяць цуды
шкла багі на шклозаводзе.