БАЛАДА ПРА ПАГОНЮ
У жорсткім трымценні хвілін
зямных -- найчасцей гаротных --
ўбіваем і мы свой клін,
каб клін цемры смяротнай
выбіць з нашых шырот,
прыродай не абласканых,
каб ацалеў наш род,
стагоддзямі біты й гнаны.
Таму сеем семя сваё
у ярасным, роспачным гоне
бясконых з лёсам баёў,
і ад ранаў не стонем.
Не ведаем цвёрда -- хто мы?
хоць сімвал таго гону --
узмыленая ад стомы
спрадвечнай Літвы Пагоня.
Што ў збруі яркім зіхценні
імчыць кудысь на край свету,
не пакідаючы ценю,
і, мусіць, без пэўнай мэты...
І ўсё ж я радней не маю
яе разгубленай долі,
і кожны раз заміраю,
калі аб ёй песня на волю
рвецца ледзь не да неба,
трывожачы сон Эльбруса!
І адчуваю патрэбу
да скону быць беларусам!