Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Алесь Гібок-Гібкоўскі

Сярэдняя: 4 (4 галасоў)

БАЛАДА ПРА ПАГОНЮ

У жорсткім трымценні хвілін
зямных -- найчасцей гаротных --
ўбіваем і мы свой клін,
каб клін цемры смяротнай

выбіць з нашых шырот,
прыродай не абласканых,
каб ацалеў наш род,
стагоддзямі біты й гнаны.

Таму сеем семя сваё
у ярасным, роспачным гоне
бясконых з лёсам баёў,
і ад ранаў не стонем.

Не ведаем цвёрда -- хто мы?
хоць сімвал таго гону --
узмыленая ад стомы
спрадвечнай Літвы Пагоня.

Што ў збруі яркім зіхценні
імчыць кудысь на край свету,
не пакідаючы ценю,
і, мусіць, без пэўнай мэты...

І ўсё ж я радней не маю
яе разгубленай долі,
і кожны раз заміраю,
калі аб ёй песня на волю

рвецца ледзь не да неба,
трывожачы сон Эльбруса!
І адчуваю патрэбу
да скону быць беларусам!



Сярэдняя: 3.3 (8 галасоў)

ВАЎКІ
Згадкі пра сны дзяцінства

Мне сніцца — праз бясконцыя вякі
бягу я, абрываючы ўсе жылы,
за мною ― ашалелыя ваўкі,
іх зграя мяне шчыльна акружыла.

Бягу наўпрост, не вучаны віхляць,
па горкім па бур’яне-палыне,
пагоню мне ніяк не ашукаць,
і сэрца вось-вось выскачыць з мяне.

Бяжыць за мною ўслед сляпая поўня,
з халоднаю усмешкаю пустой…
І быццам я спыняюся раптоўна,
ўстаю, як слуп, грудзьмі да хеўры той!

Адзін, зусім адзін прад лютай зграяй —
абвостраны смяротна зрок і слых!
І толькі пра адно ўсім сэрцам дбаю —
не ўкленчыць, не зламацца ў гэты міг!

І, прыпыніўшы на імгненне дых,
спустошаны, навокал азірнуся,
праз галаву куляюся ў той міг,
і... ваўкалакам шэрым станаўлюся!

Ды хутка адчуваю: не зманіць
сабе, хоць звонку стаў ваўком таксама,
не хочацца па-воўчаму мне выць,
і ў тым мая нязмушаная драма!..

Мне ў тлуме тым паветра не стае,
душа законаў зграі не прымае!..
Хачу спыніцца, вырвацца з яе
і свой пракласці шлях да небакраю...

Ды ўрэшце я, зняможаны, прачнуўся,
і раптам зразумеў, што ў руку сон!
Ваўкоў тых развялося ў Беларусі,
што столькі не пладзілася здавён!

Яны вакол ў спякоце, ў завірусе,
як горкі рок, як вечны наш праклён!
Ваўкі, ваўкі, ваўкі на Беларусі!
І гэта ўжо зусім не лёгкі сон!

І думаю я ў невымернай скрусе:
як жа наяве ад бяды ўцячы?
Ваўкі, ваўкі, ваўкі на Беларусі,
зноў песню смерці выюць уначы!



Сярэдняя: 4.3 (6 галасоў)

МАЛІТВА

Госпадзі, мяне Ты ўразумі,
на маім суровым раздарожжы,
дай душы маёй нарэшце мір,
пра які таемна марыць кожны!

У аблозе болю і трывог,
Дай святла мне промнік, хоць найменшы,
каб пераступіць урэшце змог
я свой Рубікон -- ў жыцці важнейшы!



Сярэдняя: 3 (2 галасоў)

ПА ВОЛІ НЕБА

Даруй мне, Госпадзі, даруй
маё спазнёнае каханне!
Дай выпісаць майму пяру
той боль, што з вечара да рання

трымае сэрца, як ціскі, —
бязлітасна і невымерна!
Глыток надзеі мне пакінь,
каб апляценне чорных церняў

мне выцерпець ў апошні раз,
Бо міг-жыццё спавіта стомай…
Кахання дзіўная зара
больш не заззяе ў маім доме!

Тут, пэўна, Воля ёсць Твая,
што так ніколі больш не будзе!..
Даруй мне Госпадзі, а я
ўсё кіну і падамся ў людзі.

Пайду на край зямель чужых,
каб услаўляць Тваё прышэсце,
аж покуль мой апошні ўздых
мяжу акрэсліць мне нарэшце!