У змрочным скляпенні, да зданяў падобны
Сядзіць анямелы, гаротны народ,
He бачыць ён сонца, бо зыркія промні
Яго не краналі каторы ўжо год.
Уночы і ўранні, у свята і будзень
Адно толькі знае ён: есці і піць.
Былі гэта колісь магутныя людзі,
Ды вораг аднойчы прыйшоў, каб забіць.
I ўпалі яны перад ім на калені,
Апошнія дзеці магутнай зямлі, —
Спужаліся бітвы і ў змрочным скляпенні,
Дзе холад і цемра, прытулак знайшлі.
Пазбыліся ласкі, вясны і кахання,
I вершаў, і волі, і мовы сваёй.
I памяць згубілі: ні людзі, ні здані, —
Бы цені блукаюць яны пад зямлёй.
Па лёхах брыдуць чарадою бясконцай
I жудасным крыкам пужаюць людзей.
Ды выйсця не знойдуць да волі і сонца —
Каторы ўжо год і каторы ўжо дзень...
...Ды сонца заззяла, і рухнулі сховы...
I зноў, нібы дзесяць ці сотні гадоў, —
Яны прад усімі схілялі галовы,
Як статак пужлівых, сляпых пацукоў.