Беларусь
Зьнічак рой дрыжыць над палянамі,
досьвіткі ўстаюць палымяныя,
уваччу плыве – нібы п’яны я,
і, як сон – тваіх дотык рук.
І хоць мары спрэс здратаваныя,
думкі зорныя – пахаваныя,
у цябе адну закаханы я,
родная мая Беларусь.
Жаўталісьцем дрэў упрыгожана,
дываном сьнягоў заварожана,
музыкай адвечнаю Божаю
ўлетку заняволяць гаі.
Птушкай, што кружляе над пожняю,
ўсьмешкай сонца ў небе апошняю,
ці бярозкаю прыдарожнаю
ў задуменьні моўчкі стаіш.
Зьбітая, сагнутая стратамі,
у сваёй зацятасьці ўпартая.
Да кары шчакой, да шурпатае
прыхілюся сьцішана я
і прысьню: ты больш не за кратамі,
сонца твар праменьнямі кратае,
і ў нябёсы ўзьнёсла-крылатая
узлятае песьня твая.
Зьнічак рой дрыжыць над палянамі,
досьвіткі ўстаюць палымяныя,
уваччу плыве – нібы п’яны я,
і, як сон – тваіх дотык рук.
І хоць мары спрэс здратаваныя,
думкі зорныя – пахаваныя,
у цябе адну закаханы я,
родная мая Беларусь.
02.03.2013