*
Кружаць хутка каруселі,
Кружаць часу каруселі…
Вось і нам Бог даў вяселле,
Беларускае вяселле.
І жагнае сына маці,
Выпраўляючы ў дарогу,
Слёз не могучы стрымаці,
Воч з яго не зводзіць доўга…
І ў другой матулі вочы
Заблішчэлі, быццам зоркі,
Як мелодыя званочкаў
Стала чутна за пагоркам.
А дарожка, як падкова,
Гнецца – шчасця ўсім жадае.
І дружына жаніхова
Ў двор нявесты заязджае.
– Гэй, музыкі, грайце, грайце, –
Адпачынку не давайце
І гармоніку, і скрыпцы, –
Добры ўсім настрой стварайце!
*
Нібы ўспомнілі дзяцінства, –
Зноў у хованкі гуляюць:
Жаніху шукаць нявесту
Шаферы дапамагаюць.
Па суседніх хатах ходзяць,
Жарты, кпіны рассыпаюць.
– За насы нас доўга водзяць,
Ой, хітрухі!
І гукаюць:
– Вось знайшлі!
Яе ж сяброўкі
Шчодры выкуп вымагаюць,
Так сур’ёзна хмураць броўкі:
– Ў нас нявеста дарага-ая!
Быць скупымі – смеху варта!
І жаніх з нявестай разам
Да яе ідуць у хату
І сядаюць пад абразы.
*
Пасля тостаў-пажаданняў
Важны момант наступае:
Маладыя з хваляваннем
На льняны ручнік ступаюць,
І бацькоў благаславенне,
Як вялікі дар, прымаюць,
І, схіліўшыся ў паклоне,
Да іконкі прыпадаюць.
І вянчацца крочаць з хаты.
Маці следам паспявае, –
Зорна іх
свянцоным жытам
На парозе абсявае.
*
Маладыя ў Божым храме
Да аўтара падыходзяць.
І гучыць аргана гранне, –
Ў сэрцах водгукі знаходзіць.
Ў іх руках жаўцеюць свечкі,
Не трашчаць, пылаюць ярка, –
Значыць будуць жыць у згодзе,
Абмінаць іх будуць сваркі.
І даюць адзін другому
Клятву вернасці да скону,
Ідучы адной дарогай,
Жыць па Боскаму закону.
*
Быццам крылы за плячамі,
Праз палі ляцяць да хаты
Маладыя муж і жонка –
Акальцованыя птахі.
І дружбанты са сватамі
Запяваюць дружна песню, –
Каб і сцюжнаю зімою
Абдымаў іх ветрык весні!
З-за дубравы ім насустрач
Выбег дожджык зухавата,
З ім – вясёлка.
Значыць будуць
Маладыя жыць багата.
*
Ім вяскоўцы каля вёскі
Перашкоду учыняюць:
Стужкай вогнена-чырвонай,
Як зара,
картэдж спыняюць.
Сват падносіць, як вядзецца,
“Чэсным людзям” пачастунак,
А яны хлеб-соль – ад сэрца –
Маладым у падарунак.
Кажуць: “Хай каханне ваша
Будзе моцным і праз годы,
Каб магло пераадольваць
Так, як гэту, перашкоды!”
*
Вось выходзяць бацька з маці
На падворак сустракаць іх.
І, як вулей той, вяселле
Зноў гудзе-шуміць у хаце.
І прыгожая хвіліна,
Як жар-пташка, прыляцела:
Хросныя бацькі старанна
Каравай вясельны дзеляць:
– За павагу к нам такую
Караваем пачастуем,
Што для вас жаніх з нявестай
Узрасцілі з цілі-цеста!
Рады госці-ягамосці
Жарту добраму, – смяюцца,
І ў кішэнь па жарт не лезуць, –
У даўгу не застаюцца:
– Дарым вам па жмені бобу,
Каб жылі вы сытна, добра.
– Дарым вам па жмені грэчкі,
Каб баяліся вас спрэчкі.
– А мы дарым вам маркоўку,
Каб не траціў муж знароўку.
– Дарым вам качан капусты,
Каб было ў вас дзетак густа…
– Гэй, музыкі, грайце, грайце, –
Адпачынку не давайце
І цымбалам, і трашчоткам, –
Ўсіх да танцаў запрашайце!