“Ад жалю, ад смутку”
на бяздольным пакосе
Родных ніў, родных слоў
кветкай Муза ўзрасла,
Каб рэхам пявучым,
вясны сугалоссем
У сэрцы народа надзея ўзышла.
О, пакутная Муза радзімай старонкі,
Мусіць, лёс Беларусі цябе блаславіў
На голас вялікі, прачулы і звонкі,
На сумны, як край наш,
журботны матыў.
Няўцешнай слязой не адплакаць,
не знішчыць
Адвечнага болю й пакутаў сіло –
Трагічныя Геніюш, Цётка, Янішчыц,
О Муза, тваё залатое крыло.
Твая, родны краю, няўцешная доля –
Доля журбы і жаночых нястач,
Мужнасці Муза і горкага болю –
Радкоў неразгаданых стоены плач.