Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Вашыя сябры тут!

Апошнiя водгукi

Участник конкурса «Интернет-премия» ТИБО-2010

Раiм наведаць

. частные дома, продажа квартир в Астане, выбор квартиры
Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Наш банэр

vershy.ru - Вершы беларускiх паэтаў

Код банэра

Лічыльнікі

Ніна Аксёнчык

aksenchyk.jpg

Нарадзілася ў 1961 годзе ў вёсцы Вятчын Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1982 годзе скончыла Мазырскі педінстытут, затым аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры Мінскага педінстытута. Кандыдат філалагічных навук. У 1982-1997 гг. працавала выкладчыкам, дацэнтам Мазырскага педінстытута. З 1998 г. жыве з сям’ёй ў Чэхіі. Працуе ў моўных школах Прагі выкладчыцай беларускай, расейскай і чэшскай моваў.

Першыя творы пачала друкаваць з 1975 года. У тым жа годзе за верш і малюнак на тэму Вялікай Айчыннай вайны, надрукаваныя ў “Піянер Беларусі”, стала пераможцам Рэспубліканскага конкурсу юных паэтаў і мастакоў і была ўзнагароджана Ганаровай Граматай ЦК камсамола Беларусі.

Вершы друкаваліся ў калектыўным зборніку «Палескія перазвоны» (Мазыр, 1994), часопісах «Полымя», «Маладосць», «Роднае слова» і іншых рэспубліканскіх выданнях. Аўтар паэтычных зборнікаў «Споведзь арабіны» (1995), «Беларусь на крыжы» (1997). Аўтар шэрагу крытычных артыкулаў. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1996 года.

Мастачка-аматар. Аўтар скульптурнага помніка сваёй маме, якая заўчасна памёрла ў 1976 годзе. Ад калыскі Ніна Аксёнчык расла без бацькі. Бацька, Буякевіч Канстанцін Паўлавіч, жыў з іншай сям’ёй. З Нінай ніколі не вітаўся і нават тады, калі пасля смерці маці, яна засталася ў хаце адна. Ад ранняга дзяцінства яна дзяліла з мамай увесь цяжар сялянскай працы – ад працы па гаспадарцы і агародзе да касьбы сена. Скульптуру сваёй мамы Ніна Аксёнчык вылепіла па памяці ў 1989 годзе і ўстанавіла на могілках у вёсцы Вятчын. І першая карціна алеем – партрэт мамы, напісаны па памяці ў 1983 годзе. Гэту карціну не змяняла і не ўдасканальвала. Аўтар больш чым 100 карцін - пейзажы Беларусі, нацюрморты, партрэты, абстрактныя фантазіі. Свае карціны выстаўляла ў выставачнай зале і школьных установах горада Мазыр з 1990 па 1997 гады. Шмат карцін падарыла роднаму педінстытуту, сябрам. У Чэхіі працягвае творчую працу. Мела 3 персанальныя выставы: у Празе (1999, 2004), Усці-над-Лабай (2001) і 2 Міжнародныя выставы – Прага (2005), Усці-над-Лабай(2006). Яе сайт: www.gallerynina.net

У родным Мазыры заснавала музей Палескай культуры. Дзеля гэтага разам са сваімі студэнтамі (Міхась Ранчынскі, Анжэла Нягрэй, Марыя Полаз) ў пачатку 90-гадоў асабіста ездзіла па вёсках Ельскага, Мазырскага, Калінкавічскага, Нараўлянскага раёнаў і сабрала там унікальныя помнікі народнай культуры – каля 90 экзэмпляраў – і дала іх дырэктару выставачнай залы г. Мазыр І. Васільковай. У 1988 годзе была адным з закладальнікаў патрыятычнай партыі БНФ, дэлегатам Устаноўчага з’езду. А з 1989 па 1995 гады была старшынёй БНФ г. Мазыр. За гэты час правяла разам з сябрамі БНФ ў Мазыры шмат мітынгаў, пікетаў, палітакцый у абарону людзей Палесся ад наступстваў Чарнобыльскай аварыі, у абарону роднай мовы і культуры, за захаванне старажытных помнікаў, прыроды у горадзе, адраджэнне старажытнага замка, супраць карупцыі мясцовых чыноўнікаў. У 1990 годзе Ніна Аксёнчык разам з іншымі дэмакратычнымі партыямі арганізавала "Чарнобыльскі шлях" у Маскву, дзе ў Крамлі выступіла з рэзкай крытыкай тагачаснага кіраўніцтва Беларусі за ўтойванне фактаў чарнобыльскай трагедыі. Вынікам гэтай і іншых акцый грамадскасці стала тое, што Крэмль выслаў у Беларусь ўрадавую камісію, а пасля было і новае адсяленне людзей з чарнобыльскай зоны. У 1995 годзе выйшла з БНФ і па ініцыятыве мазыран балатавалася ў Вярхоўны Савет Беларусі, дайшла да завяршальнага кола, але была дыскрэдытавана ў друку. Па прычыне пераследу з боку мясцовых ўладаў за патрыятычную дзейнасць, Ніна Аксёнчык з сям’ёй была вымушана выехаць ў Чэхію, дзе пакуль і жыве. Тут выступае за адзінства славян. Родную Беларусь, яе вялікую славянскую душу праслаўляе ў карцінах і вершах.



Сярэдняя: 5 (15 галасоў)
Айчына мая –
Белы квет ля вакенца радзімае хаты.
З коміна цягнецца горкі дымок.
Маці прыходзіць. І водарам мяты
Пахне яе стары фартушок.
Яна недзе ў зорках ізноў начавала.
Вярнулася ўранні святлом зараніц.
Зёлак гаючых ў лугах назбірала –
Будзе ўсю вёску лячыць.
Певень – служыцель самога Белбога –
Пачынае зраджэнне новага дня.
Стогнуць каровы.
                         З калодца старога
Вядзерца упала,
Спалохаўшы стукам гнядога каня.
Ля плоту раскошна квітнеюць вяргіні.
Росамі пахнуць за хатай лугі.
Як зорачна-мройны рассыпаны іней,
Туманы сцякаюць на рэк берагі.
Усё тут дзівосна і проста, і шчыра.
Умыешся ўранні гаючай расой –
І душа твая яснаю і лёгкакрылай
Паляціць у дзень новы руплівай пчалой.
Айчына мая,
Малюся я птушкаю весняй
За гэты туман
І за яблынь хмяльных хараство.
Каб толькі была,
Каб ня ўмерла гармоніі песня –
Прыроды святой і душы чалавека радство.


Сярэдняя: 4.7 (13 галасоў)

Ёсць у восені міг, калі пахне вясною.
І зямля маладзіцца ў росах начных.
Так у сэрцы маім зноў надзеяй жывою
Адгукаецца лета дваццатага міг.

Бабіна лета, ах, бабіна лета...
Палае кляновы касцёр залаты.
І, можа, цяпер ты паверыш прыкметам,
Што сэрца кахае мацней праз гады.

Ці была мая доля снягамі задзета?
Ці я вінаватая ў тым прад табой,
Што толькі цяплом развітальнага лета
Гарыць-дагарае ва мне погляд твой.

Хоць надзеі мае абвіла павуцінка, –
Не пагасне ў душы святло жоўтых кастроў.
Каб толькі ты знаў, што тваёю крывінкай
Я жыву між дажджоў і снягоў, і вятроў.

Бабіна лета, ах, бабіна лета...
Гарыць у душы той касцёр залаты.
І, можа, цяпер ты паверыш прыкметам,
Што сэрца кахае мацней праз гады.



Сярэдняя: 4.7 (14 галасоў)

О, якія белалозы
Каля Прыпяці сівой!
Акрапілі іх марозы
Срэбразорнаю расой.

Што іскрыцца, зіхаціцца –
Прасвятляе ўсё вакол,
Каб душа магла напіцца
Чысціні з усіх вякоў.

Снег крыштальны аж ірдзее.
Прыпяць жмурыцца ў агні.
І Палессе маладзее
Ў першароднай светлыні.



Пералік аўтараў