Не гартаў я фаліянтаў пажаўцелыя старонкі,
Не шукаў пра вас паданняў,
пыл стагоддзяў не страсаў.
Чуў я змалку плач ваш горкі,
чуў я смех ваш срэбразвонкі,
Беларускія жанчыны — неўміручая краса!
Станам — зграбныя бярозкі,
што павыбеглі край руні,
Замест воч — асколкі неба
яснай чэрвеньскай пары;
Валасы — ручайкі лёну,
галасы — напеў шматструнны,
А усмешкі — водбліск ясны санцавейнае зары.
Гордасць, пэўна,
узялі вы ў Рагвалодавай Рагнеды,
Дум ясноту Ефрасіння, пэўна, ў спадчыну дала.
Кроў свавольных крывічанак
не схіляла вас у бедах, —
Пакідалі вы святліцы, бралі ў рукі вы булат.
Нёс тэўтонскі крыжаносец на канцы мяча няславу,
На зямлю славян-суседзяў ваяўнічы рушыў швед.
Адгукаўся Яраслаўне голас цвёрды Гарыславы,
Клікаў віцязяў у бітве затаптаць варожы след.
Крывічоў зямля лясная не скаралася няволі,
Хоць не раз іх род нязломны у пабоішчах палёг.
Паланянкамі былі вы, а рабынямі — ніколі! —
Хоць у гневе неразумным адварочваўся Стрыбог.
Колькі вы пакут зазналі — не зазнаў ніхто на свеце!
Кветкі-браткі — вашы слёзы прарасталі па лясах;
Сек няшчадна вам абліччы ліхалеццяў снег ды вецер,
А не звяла, не змарнела ваша гордая краса!
Гнулі спіны вы ў прыгоне,
жалі жыта Радзівілам,
Пелі песні немаўляткам пры лучыне ў позні час;
Гадавалі веліканаў, каб дужэў народ-асілак,
Налівалася каб сіла незгінальная ў плячах!
Вы зазналі дым і попел,
спусташэнне лютых войнаў,
Хлеб з бядою-лебядою, лёс салдаткі-удавы;
Вы трывожна сустракалі
век дваццаты неспакойны;
Не схілялі ў час нашэсцяў непакорнай галавы.
Вам знаёмы кроў і порах,
партызанскія сцяжыны,
Помсты жар у сэрцах добрых,
дзе б каханню гнёзды віць;
Вы на смерць ішлі без страху,
беларускія жанчыны,
У імя Радзімы светлай, міру, шчасця і любві!
Вы умелі быць гразою. Чырванець умелі ружай.
Рассыпаць дабра алмазы.
Карчаваць карэнне зла.
Гэта ваша бессмяротнасць
увасоблена ў Харужай,
З вашай мужнасцю Мазанік меч дамоклаў узняла!
Вы — пачатак прыгажосці,
вы — жыцця першапрычына,
Бачу будучыню вашу я ў служэнні хараству.
Я цалую вашы рукі, беларускія жанчыны!
Я схіляю перад вамі ў знак пашаны галаву!