Здаецца, белыя слёзы зімы
Цяпло выпраменьваюць волі.
У кроплях-ільдзінках наўкола
                                             хмызы –
Пакручастых сцежак нядоля.
Далонь у далоні, ідзем да святла,
Што льецца з нябеснае студні,
А разам, насупраць, шляхцянка
Зіма
Гуляецца ў хованкі з Зюзяй.
Здаецца, нязгаснага Зніча любоў
У каўкавым смеху гуллівым.
Спаткаеш такую – і голаў
                                                 далоў,
На вечны спачын пад ільдзінай…
А зоры малочныя снежаць абшар
Зімовымі слёзамі ветраў…
Ядлоўцавым шляхам калісьці
                                         Ўсяслаў
Тут крочыў насустрач Сусветам.
Здаецца, у пошуме белых гадоў
Сафійкі званы нас вітаюць…
Прастрэленым рэхам з Дзвіны
берагоў,
Яшчэ і яшчэ бласлаўляюць…