Паслухай мяне, паслухай!
З душы табе рвуцца ў вуха,
Праз вусны табе ў валасы -
Галасы.
Адтуль, з пустога пакою,
Дзе ў вочы сьвятло такое,
У вокны, схаваныя веямі,
Зьмеямі.
Там грае малы, схуднелы -
Зусім не хапае цела -
Паранены, хворы ўвесь -
Бес.
Ён сэрца свайго ня мае,
І ножка яго храмая,
І сумна яму бяз сэрца
Граць скерца.
А нехта яго просіць -
Нібы на руках носіць -
Падносіць нібы да акна:
"Трымай сваё сэрца, на!
Я даў табе сэрца ў сьвеце,
Глядзі: яно небам сьвеціць.
Ты бачыш сьвятло, ты бачыш?"
Бес плача.