Б’е гадзіннік на моцным каміне,
А каміна няма і ў паміне –
Ён прысніўся. А я і не спаў.
I засну, відавочна, не скора:
Штосьці б’ецца на даху сабора –
Ён ад дома ўсяго праз квартал.
А гадзіннік на сценцы пакоя
Мне на вуха прабухаў такое:
– Тры гадзіны бяссонню твайму!
Час павольна і нудна бруіцца.
Калі ноччу чамусьці не спіцца,
То ніхто не адкажа: чаму?
Са стварэння шаноўнага свету
Не знайшлася ў бяссоніцы мэта –
Ёсць бяссэнсіца і каламуць:
Гэта ўсё ў чалавечай прыродзе,
Бо пра вестку, што з неба прыходзіць,
Немагчыма наперад прачуць.
Толькі слухаць і мяцца цярпліва,
I зазнаць падабенства матыву
Ў рэдкіх гуках начных за акном,
I запомніць а шостай гадзіне,
Што гадзіннік грыміць на каміне, –
I заснуць непрадбачаным сном.