Блакітныя ўспыхнулі крылы —
аж стала пякуча вачам.
I хлопчык, падлётак мой мілы,
пра цуд на ўвесь лес закрычаў.
I гронкамі шышак ялушка
ажно зазваніла з аблок,
як села блакітная птушка
на стромае дрэва — за крок!
Дзівосную птушку не ловім,
на цуд ва ўсе вочы глядзім.
Нам Добра, што ў нетры яловай
жыве яна побач зусім.
I мы яе можам убачыць
заўсёды, як голле ўгары.
як травы, дзе конікі скачуць
і ззяе раса на зары...
Як жыта, што выгнала колас, —
на сонцы зярняты спяліць…
Як провад у небе, што ўголас
пра нашы ўладанні звініць.
Віецца дарогі істужка...
Чаго ж вам, сынок, пажадаць?
Блакітную ўбачылі птушку,
да сіняй — рукою падаць!