Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Блізу млына, пад калінай

Яшчэ не ацэнена

Блізу млына, пад калінай,
дзіўным летнім вечарком,
весялілася гасціна
у прусіхі з прусаком.
Добра ўжо прыняўшы чарак,
адчувалі збытак сіл.
Расцягнуў гармонь камарык,
гэты прыкры нам двухкрыл,—
і пайшло застолле ў скокі.
Матылёк скакаў, пчала,
конік не застаўся збоку,
мошка жару паддала;
тлі каленцы выкідалі,
авадзень скакаў за двух,
каблукамі адбівалі
шэршань, муха, ейны мух;
а дала сараканожка
з чатырох дзесяткаў ног,
дык аж затрашчалі дошкі,
а са сцен пасыпаў мох
(тут у чуйнае прусіхі
грудзі сцяла халадком).
Чмель схіліўся да хрушчыхі
ды паведаў ёй крадком:
«За акенцам блішчуць зоры!
Сыйдзем з гэтай цеснаты.
Я даўно на сэрца хворы,
патаму што ў сэрцы — ты».
І, пад ціхенькія словы
пра пяшчоту і любоў —
нашага жыцця асновы,—
за парог яе павёў.
Гарманіст кульнуў паўчаркі,
зноўку ціскануў басы.
Хрушч, панок сабой няяркі,
доўга варушыў вусы —
і нарэшце здраду ўнюхаў.
Куляй ён у сад памчаў.
Там чмялю расквасіў вуха,
жонцы копту разарваў.

Не сціхаў на вечарыне
тупат, гоман, тарарам.
Задавалі тон сябрыне
страказа і таракан.
Гаспадыня запрашала
да гарэліцы, вінца —
і яшчэ мацней гучала
«ай-люлі!» ды «гоп-ца-ца!»
Чмель, хоць і смылела вуха,
штось шаптаў ужо асе.
Хрушч, пітвом заліўшы скруху,
хроп за хатай у аўсе.

Расставаліся чын-чынам.
Шмат было падзяк за стол.
Перад слаўным адпачынам
глянулі прусы наўкол.
Тое, гэта, бачаць — страта!
Нізасць! Хамства! Здзек!.. Прасцей,
згінуў гляк пярцоўкі з хаты…
Вось і зазывай гасцей.