Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Фёдар Лашкевіч

Сярэдняя: 5 (1 голас)

… і нарэшце ўсё ж схапілі. З гікам, свістам
пацягнулі на вяроўцы ў суд.
Панабегла ўсякіх — чыстых і нячыстых,
нат бязногі, нат сляпы быў тут.

Ярасць, гнеў перапаўнялі пляц вячысты;
хтось праклёны слаў, хтось камень запусціў
(аказалася пазней — адзін з нячыстых);
кару для яго натоўп маліў.

Пісар абвясціў судовае рашэнне:
«Хай другім злачынцам будзе ўрок!
Гэтае найядавітае стварэнне
засушыць і сцерці ў парашок».

Бурнай радасцю азваўся пляц на вырак.
«Так-то!.. Верна!.. Прэч з падонка дух!..
Дайце мне яго!.. Не ўджаліш болей, вырад!..»
Ён самотна паглядзеў наўкруг.

«Каб узяць з мяне карысць, сатрыце ў пральны.
Толькі знай, святы сінедрыён:
для таго быць ядавітым натуральна,
хто ад нараджэння — скарпіён.»



Сярэдняя: 4 (1 голас)

АЧМУРЭЛЫЯ

тэма для плаката

Раўнінай шэраю, пустой,
дзе пыл, дзе травы паўсухія,
яны, як Брэйгеля сляпыя,
брыдуць нястройнай чарадой
і дзіка, роспачна крычаць,
мармычуць штосьці палахліва,
смяюцца весела-шчасліва
або прыгнечана маўчаць.
Не рупячыся ўхмылку скрыць,
вядзе іх напрасткі да ямы
у згубнай справе майстар знаны —
наркотай набрынялы шпрыц.



Яшчэ не ацэнена

Блізу млына, пад калінай,
дзіўным летнім вечарком,
весялілася гасціна
у прусіхі з прусаком.
Добра ўжо прыняўшы чарак,
адчувалі збытак сіл.
Расцягнуў гармонь камарык,
гэты прыкры нам двухкрыл,—
і пайшло застолле ў скокі.
Матылёк скакаў, пчала,
конік не застаўся збоку,
мошка жару паддала;
тлі каленцы выкідалі,
авадзень скакаў за двух,
каблукамі адбівалі
шэршань, муха, ейны мух;
а дала сараканожка
з чатырох дзесяткаў ног,
дык аж затрашчалі дошкі,
а са сцен пасыпаў мох
(тут у чуйнае прусіхі
грудзі сцяла халадком).
Чмель схіліўся да хрушчыхі
ды паведаў ёй крадком:
«За акенцам блішчуць зоры!
Сыйдзем з гэтай цеснаты.
Я даўно на сэрца хворы,
патаму што ў сэрцы — ты».
І, пад ціхенькія словы
пра пяшчоту і любоў —
нашага жыцця асновы,—
за парог яе павёў.
Гарманіст кульнуў паўчаркі,
зноўку ціскануў басы.
Хрушч, панок сабой няяркі,
доўга варушыў вусы —
і нарэшце здраду ўнюхаў.
Куляй ён у сад памчаў.
Там чмялю расквасіў вуха,
жонцы копту разарваў.

Не сціхаў на вечарыне
тупат, гоман, тарарам.
Задавалі тон сябрыне
страказа і таракан.
Гаспадыня запрашала
да гарэліцы, вінца —
і яшчэ мацней гучала
«ай-люлі!» ды «гоп-ца-ца!»
Чмель, хоць і смылела вуха,
штось шаптаў ужо асе.
Хрушч, пітвом заліўшы скруху,
хроп за хатай у аўсе.

Расставаліся чын-чынам.
Шмат было падзяк за стол.
Перад слаўным адпачынам
глянулі прусы наўкол.
Тое, гэта, бачаць — страта!
Нізасць! Хамства! Здзек!.. Прасцей,
згінуў гляк пярцоўкі з хаты…
Вось і зазывай гасцей.



Сярэдняя: 5 (1 голас)

ВЕЧАРОВЫ НАСТРОЙ

Залунаць бы ў тых дзіўных прасторах,
між планет, між празрыстай імглы,
адчуваць цяплыню блізкіх зорак,
бачыць рухі жыцця на Зямлі.

Апусціцца на дно акіяна
да каралаў, дзе шнараць малькі,
стрэць медузу ў кісейным убранні,
даць ласунак мурэне з рукі.

Узабрацца на Кіліманджара,
амуніцыю скінуць з плячэй,
распрастацца і снежным абшарам
ва ўсю моц пракрычаць: «Э-ге-гей!»

Надвячоркам, у нетрах саваны,
засядаць пры спакойным кастры,
назіраць, як цямнее паляна,
як у цернях крадуцца звяры.

Да руля стаць, на вольную вахту,
і, пад чаек няўрымслівы хор,
мчаць па моры бялюткую яхту
да бялюткіх, удалечы, гор.

Зноў быць там, у ружовым узросце,
дакранацца да кволенькіх рук,
мармытаць нешта, поўніцца млосцю,
чуць у сэрцы гарачкавы стук.

Ці б хоць добрым напоем разжыцца,
скаратаць памаленьку з ім час —
і, як мовяць паэты, забыцца,
у падушцы зарыўшы свой фас.