На карце вялікай краіны
Ёсць кропка маленькай зямлі,
Любімы куточак радзімы-
Там кружаць мае жураўлі.
Між рэчак, балот і затокаў -
Усюды хапала вады.
Пачатак жыццёвых вытокаў -
Маленькая вёска Брады.
Тут неба глядзела ў донца.
Бядою вада не была.
Між лотаці жоўтай, як сонца,
Палеская вёска плыла.
Пасля асушылі балоты,
Засеялі гоні, палі.
Багатымі сталі ўмалоты,
Ды зніклі мае жураўлі.
Пусцела і вёска з гадамі –
Жылых усё меней двароў.
Пахілымі легла платамі
У чаканні сваіх спадароў.
Ды мы не прыйшлі, не схацелі,
Аселі на землях другіх.
У сны жураўлі прыляцелі
І трубяць самотна ў іх.