Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Наталля Каліцька

Сярэдняя: 3.9 (18 галасоў)

Залаціцца зямля, залаціцца.
Сцеле цёплыя коўдры сабе.
Ёй лістота ў завею прысніцца
І сагрэе ў халоднай імгле.

Залаціста-агністыя строі
Будуць доўга вярэдзіць спакой,
Як таемныя згадкі і мроі
Між мінулым і будучым днём.



Сярэдняя: 3.3 (4 галасоў)

З вышыні птушынага палёту
Гляну я рэчку, дом і гай –
Вось яна, любімая старонка,
Капаткевіцкі прырэчны край.
Праплылі стагоддзі, праляцелі,
Нібы птушкі на ракою Пціч,
Нам пакінулі ў спадчыну пясчаны
Бераг родны і адвечны кліч.
Мы на голас гэты крочым, едзем
Ці ляцім праз тоўшчу дзён і спраў,
Каб да берага любімага прыпасці,
Удыхнуць знаёмы водар траў.
Каб рукой да вербаў дакрануцца
І адчуць душы сваёй пад’ём,
І як птушкі, зноў сюды вярнуцца
Адрадзіць ці збудаваць свой дом.



Сярэдняя: 4.5 (4 галасоў)

Памяці малалетніх вязняў
Азарыцкага канцлагера

Калыша ў балоце крывая сасна
На голлі сваім бяду і дрымоту.
Ля мёртвай матулі прыснула дзіця...
Люляе, люляе сасна адзіноту.

І ходзіць навокал самотны “бай-бай”,
Здувае сняжок і змятае пушынкі.
Падаўся пад цёплы бачок цераз гай
Маленькі ваўчок да другое дзяўчынкі.

А дрэва калыша. А вецер пяе,
Выводзіць нямую, без слоў калыханку,
Ніякай надзеі малой не дае
Убачыць ваўчка і ўбачыць заранку.

Не спаці, не спаці. Зусім не да сну.
Ах, люленькі-люлі. Не ўчуеш вясну.
На лес на сухі вы, дрымоты, ляціце,
Маленькаму вязню надзею пашліце.



Сярэдняя: 3.7 (10 галасоў)

Дажджом асеннім плача восень,
Як быццам ёсць у чым віна.
А дождж сабе па лісці скача,
Танцуе ў голлі давідна.

Палошча ён траву старанна,
Змывае спёку на зямлю,
У шыбы стукае да рання,
Хоць я яго і не люблю.

І сум, і радасць, як дзве ноты
Адной мелодыі жыцця.
Магчыма, радасць прыйдзе потым,
Каб стаць асноваю быцця.

Яе памножу на чаканне,
На безліч пырскаў ад дажджу.
Калі надыдзе час спаткання,
Табе пра радасць раскажу.