Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Будоўля (Беларуская балада. XVII стагоддзе)

Сярэдняя: 3.9 (45 галасоў)

Што ж, цесляры, невясёлыя —
Сякера аж падае з рук?
Што апусцілі вы голавы,
Сумна глядзіце на зруб?

Бёрны усцягвайце новыя
I заразайце вуглы...
Хораша пахне будоваю,
Стружкамі ў кроплях смалы!

Дзе ж ваша радасць з уцехаю?
Вунь як святлее вакол!
Над магілёўскімі стрэхамі
Ў неба ірвецца касцёл.

Сцены вышэюць касцёльныя,
Кладзецца вянец на вянец
Бёрнамі жоўтымі смольнымі
З вашых жа хат і з сянец.

Касцёл узнімаецца нанава —
Хаты ніжэй і ніжэй:
Кузьмова, Пятрова, Раманава
Раскрыты да самых дзвярэй.

Бёрны, што млелі пад кроквамі, –
Аж у падмурак ляглі,
А што рыпелі пад крокамі —
На завянчэнне пайшлі.

Што ж, цесляры, невясёлыя?
Паўстання не здзейсніўся план...
Што апусцілі вы голавы,
Пётра, Кузьма і Раман?

Кроквы вяжыце і лаціны,
Ладзьце вянок пад страхой.
Ды спаласніце улазіны
Конаўкай брагі якой...

Нельга. За кожнай саломінай
Сочыць ахоўнікаў шмат:
Рубяць паўстанцы хароміну
З родных разбураных хат.

I ўсё ж, напачатку нясмела так,
Ціхенька — Божа бароны! —
У стружках, як мятлушка белая,
Закапашыўся агонь.

Вось яна, радасць з уцехаю, —
Гляньце, як светла вакол:
Над магілёўскімі стрэхамі
Ў неба шугае касцёл,
Новы палае касцёл...