Буяее кветам горад стольны,
Хоць не Мадрыд і не Парыж.
Не меней ПРАГнецца да волі,
Перарасці свой глыж і крыж .
А дзе прагаліны між дрэваў,
Там зруйнаваных храмаў бруд.
Стагодніх плач і енк залеваў ,
Ды шэпат вечны: “І ты – Брут?”
Атрутным прожылкам між квету
Парэшткі мураў з “love” і “fuck “,
Чырвонай фарбай вочы свету
Два словы ставяць : шах і мат.
Ну а далей між кветак дзіўных,
Дзе ў Батанічным спіць святло,
Парасткі дзён тваіх наіўных
Урбаністычна душыць тло.
Ваднее воддаль плач Нямігі,
Што нібы Невараць, як здань,
Сябе нясе жывой магілай,
Каб жыў наверсе Зносак-Хам,
Прысуд каго – жах для парыжаў,
І для мадрыдаў – жаху фільм.
Бо замест горада – крыж з глыжам,
Онлайн-бясконца доўгі стрым.
Буяе чэрвень на прашпектах,
На плочшах, вулках і дварах.
На зруйнаваных СТОЛЬНЫХ вежах,
На костках прашчураў ў мурах…