Не спытаецца і не запозьніцца,
Праз сівы цыгарэтаў дым
Прыйдзе госьцяй апрыклай бяссоньніца
З позіркам непазбыўна тваім.
Толькі трохі прымружыць мне вочы,
Каб паўсталі, на яве нібы,
Плыўкіх рухаў мядовы мосенж
І чарнявыя ў смоль валасы.
Ахіне пладоў высьпелых пахамі
Недасяжных, вясёлкавых тропікаў,
Каб глыбей адбіліся ў памяці
Зыркіх радасьцяў дні кароткія.
Кругам пойдзе няўзнак галава,
Як апоеная любізьнічку кроплямі,
Будзе што падліваць яна,
Тая з вытачаным промнямі профілем.
А за вокнамі змрок. Ні душы.
З-за пляча адно месяц цікуе,
Як відзежы бяссоннай начы
Белы аркуш радкамі люструе…
Не спытаецца і не запозьніцца,
Праз сівы цыгарэтаў дым
Прыйдзе госьцяй апрыклай бяссоньніца
З позіркам непазбыўна тваім.