У валасах чараўніцы заблытаўся дзень,
Стомлена рваўшыся, долу кідаючы цень…
Не забывай, узлятаючы музай наверх.
У светлафорах чырвоныя лямпы… Ізноў
Сэрцам жаданыя вусны… Ты зводзіш мне кроў.
Не падыходзь, бо заб’еш прыгажосцю, павер!
Мой, паланёны табою, плыве карабель;
Толькі я бачу, што разам мы сядзем на мель…
Ты не шкадуй… Сёння вецер аціх над вадой.
Можа, дасць іншыя ролі нам лёс-рэжысёр…
Ты ўпрыгож валасы дыямантамі зор;
Проста жыві, прачынаючыся не са мной…
У валасах чараўніцы заблытаўся дзень,
Стомлена рваўшыся, долу кідаючы цень…
Не забывай, узлятаючы музай наверх.
(01.02.2012)